1 Так вандруючы, прыйшоў Якуб у зямлю сыноў Усходу.
2 І ўбачыў там студню ў полі, а таксама тры стады авечак, ляжачых каля яе, бо зь яе паілі жывёлу. А вусьце студні прыкрываў вялікі камень.
3 І быў звычай, што калі зьбіраліся ўсе авечкі, то адпіхвалі камень і па напаеньні стадаў зноў закладалі вусьце студні.
4 І запытаўся ён у пастухоў: «Браты, адкуль вы?» Яны адказалі: «З Харану».
5 Ён запытаў зноў іх: «А ці ведаеце Лябана, сына Нахора?» Яны сказалі: «Ведаем».
6 І запытаўся: «А здаровы ён?» яны адказалі: «Здаровы, а вось і дачка яго, Рахель, надыходзіць са стадам».
7 Ён сказаў: «Яшчэ многа дня застаецца, і ня час зганяць стады, дык дайце піць авечкам і яшчэ іх папасіце».
8 Яны ж сказалі: «Ня можам паіць, пакуль ня згоняць усе стады і не адпіхнуць каменя з-над вусьця студні, і тады будзем паіць авечак».
9 Калі так Якуб зь імі размаўляў, Рахель падыйшла са стадам авечак бацькі свайго, бо яна пасьвіла іх.
10 І калі Якуб убачыў Рахелю, дачку Лябана, брата маці сваёй, а таксама статак таго ж Лябана, падыйшоў, адсунуў камень з-над вусьця студні
11 і напаіў статак Лябана, брата маці сваёй. А потым пацалаваў Рахелю і расплакаўся ўголас,
12 і сказаў ёй, што ён сястранец бацькі яе, сын Рэбэкі. А яна пабегла і распавяла гэта бацьку свайму.
13 А калі Лябан пачуў навіну, што Якуб — сын сястры ягонае, выбег яму на спатканьне, абняў яго і пацалаваў, і ўвёў у дом свой. Тады вось Якуб расказаў Лябану пра ўсё.
14 І сказаў Лябан Якубу: «Ты сапраўды косьць мая і цела маё!» А калі Якуб пражыў у Лябана месяц,
15 сказаў яму Лябан: «Ці за тое, што ты брат мой, ты мне задарма будзеш служыць? Скажы, якую плату хочаш?»
16 А меў Лябан дзьве дачкі: імя старэйшай Лія, а малодшая называлася Рахель.
17 Вочы Ліі былі хворыя, а Рахель была складная і мілага выгляду.
18 Яе пакахаў Якуб, дык сказаў: «Буду табе служыць за Рахелю, дачку тваю меншую, сем гадоў».
19 Лябан адказаў: «Лепш табе яе аддам, чым другому юнаку, заставайся ў мяне».
20 І служыў Якуб за Рахелю сем гадоў, і выдаваліся яму кароткія дні дзеля вялікай любові.
21 І сказаў ён Лябану: «Дай мне дачку сваю за жонку, каб мог я зь ёй жыць, бо дагавораны час мінуў».
22 Дык той, склікаўшы ўсіх людзей гэтай мясцовасьці на баль, зрабіў вясельле.
23 А вечарам узяў Лію, дачку сваю, і ўвёў яе да яго, і ён увайшоў да яе.
24 І даў Лябан служку імем Зільпа для дачкі. Нараніцы агледзеўся Якуб, што гэта была Лія.
25 І сказаў ён Лябану: «Што ты гэта мне зрабіў? Ці ж не за Рахель я служыў табе? Чаму ты мяне ашукаў?»
26 Лябан адказаў: «У нашай мясцовасьці няма звычаю, каб малодшую выдаваць замуж перад старэйшай.
27 Будзь тыдзень з гэтаю, а потым дамо табе другую, за каторую, аднак, адслужыш у мяне сем іншых гадоў».
28 І Якуб згадзіўся на гэта, і пражыў тыдзень з гэтаю, а потым Лябан даў Рахелю, дачку сваю, яму за жонку.
29 І Рахелі даў Лябан таксама нявольніцу, Більгу, каб ёй дапамагала.
30 І Якуб увайшоў да Рахелі і кахаў яе болей, чым Лію. І служыў ён у Лябана яшчэ сем гадоў.
31 А Госпад, бачучы, што (Якуб) зьнелюбіў Лію, адкрыў яе лона, а Рахель была няплоднай.
32 І Лія пачала, і нарадзіла сына, і дала яму імя Рубэн, кажучы: «Глянуў Госпад на маё ўпакарэньне, цяпер муж мой будзе мяне любіць».
33 А калі зноў пачала і нарадзіла сына, сказала: «Госпад пачуў, што я зьнялюблена, і даў мне гэтага сына», і назвала яго імем Сымон.
34 Потым зноў пачала і нарадзіла сына, і сказала: «Ужо цяпер муж мой прытуліцца да мяне, бо я нарадзіла яму трох сыноў», і таму назвала яго імем Леві.
35 І чацьвёрты раз яна пачала, і нарадзіла сына, і сказала: «Цяпер я буду славіць Госпада», і дзеля таго назвала яго Юда, і перастала нараджаць.