1 Пасьля сказаў Госпад Ною: «Увайдзі ты з усёю сям'ёй у каўчэг; бо пераканаўся Я, што толькі ты справядлівы ў сваім пакаленьні перада Мною.
2 З усіх зьвяроў чыстых вазьмі з сабою сем самцоў і сем самкаў, са зьвяроў нячыстых па адной пары: самца і самку;
3 таксама з птушак — па сем самцоў і па сем самкаў, каб такім чынам зьберагчы іх патомства для ўсёй зямлі.
4 Бо вось па сямі днях Я спушчу дождж на зямлю, які будзе ісьці сорак дзён і сорак начэй, каб зьнішчыць усё, што існуе, з паверху зямлі, усё, што Я стварыў».
5 І споўніў Ной усё, што загадаў яму Госпад.
6 Ной меў шэсьцьсот гадоў, калі воды патопу нахлынулі на зямлю.
7 І ўвайшоў у каўчэг Ной з сынамі, з жонкаю і з жонкамі сыноў сваіх, каб ухавацца ад водаў патопу.
8 Са зьвяроў чыстых і нячыстых, з птушак і са зьвяроў палявых
9 па двое, самец і самка, увайшлі да Ноя ў каўчэг, так, як яму Бог загадаў.
10 Калі мінула сем дзён, воды патопу нахлынулі на зямлю.
11 У шэсьцьсотым годзе жыцьця Ноя, у другім месяцы году, сямнаццатага дня месяца, у гэты дзень выбіліся ўсе жаролы Вялікага Бяздоньня і вокны нябесныя адкрыліся,
12 і ліўся на зямлю дождж сорак дзён і сорак начэй.
13 У той вось дзень Ной, поруч яго сыны: Сэм, Хам і Яфэт, жонка Ноя і тры жонкі сыноў ягоных увайшлі ў каўчэг.
14 А разам зь імі ўсе гатункі зьвяроў, жывёлаў, зьвяроў палявых і ўсякія паўзуны, што рухаюцца па зямлі, усякія птушкі паводле свайго гатунку, усе птушкі і ўсе крылатыя,
15 увайшлі па пары, самец і самка, з кожнага цела, у каторым быў зародак жыцьця, у каўчэг да Ноя.
16 Калі ўжо ўвайшлі ў каўчэг самец і самка з усякага цела, як Бог загадаў Ною, Госпад зачыніў каўчэг знадворку.
17 А патоп трываў на зямлі сорак дзён, і разьліліся воды, і паднялі каўчэг над зямлёю.
18 Воды раптоўна падымаліся і закрылі паверх зямлі, а каўчэг плаваў па водах.
19 Воды падняліся высока над зямлёю, так, што пакрылі ўсе высокія горы пад усім небам.
20 Воды падняліся на пятнаццаць локцяў вышэй гор, каторыя пакрылі.
21 Усё жывое, якое рухалася па зямлі, птушкі, жывёлы, зьвяры і ўсе паўзуны, якія поўзаюць па зямлі, і ўсе людзі — пагінулі.
22 Усе жывуны, каторыя мелі зародак жыцьця на зямлі, — пагінулі.
23 І зьнішчыў Бог усё жывое, што існавала на зямлі, ад чалавека аж да жывёлы, аж да паўзуна і ажно да птушак паднебных; усё было зьнесена зь зямлі. Застаўся толькі Ной і каторыя былі зь ім у каўчэгу.
24 І воды ахлынялі зямлю сто пяцьдзесят дзён.