1 І явіўся Госпад Абрагаму каля дубровы Мамрэ, калі ён сядзеў ля ўваходу ў палатку ў самую сьпякоту дня.
2 Калі ён падняў вочы, убачыў: вось,тры чалавекі стаяць насупраць яго. Калі ён ўбачыў іх, то пасьпяшаўся ад дзьвярэй палаткі сваёй на спатканьне ім. І, пакланіўшыся ім да зямлі,
3 сказаў: «О, Госпадзе мой, калі знайшоў я ласку на віду ў Цябе, не мінай слугі Свайго.
4 Прынясуць крыху вады, і абмыеце ногі вашыя ды адпачніцё пад дрэвам.
5 А я прынясу лусту хлеба, і пасіліце сэрца вашае, а потым пойдзеце далей; бо вось павярнулі вы да слугі свайго». Яны сказалі: «Зрабі так, як сказаў».
6 І пасьпяшаў Абрагам у палатку да Сары і сказаў ёй: «Замяшай хутка тры меркі найлепшай мукі і напячы бондачак хлеба».
7 А сам пабег да статку і адтуль выбраў найсыцейшае цялё, і даў яго слузе, каб ён хутка сьпёк яго.
8 І прынёс таксама масла і малака, і цялё, якое сьпёк, і даў ім, а калі яны елі, стаяў перад імі пад дрэвам.
9 І папыталіся ў яго: «А дзе жонка твая, Сара?» Адказаў ім: «У гэтай вось палатцы».
10 І сказаў (адзін зь іх): «Калі ў гэты час за год зноў наведаю цябе, Сара, жонка твая, будзе мець сына». Пачуўшы гэта, Сара, стоячы за імі ля ўваходу ў палатку, засьмяялася.
11 Бо былі абое старыя падошлай старасьці, і звычайныя аб'явы ў жанчыны спыніліся.
12 Усьміхнулася яна ўнезаметку, думаючы: «Калі ўжо я састарэлася, і муж мой стары, ці маю мець асалоду?»
13 І сказаў Госпад Абрагаму: «Чаго сьмяецца Сара і кажа: ці сапраўды магу нарадзіць старая?
14 Ці ж Госпаду ёсьць што немагчымае? Калі наведаю цябе за год у гэты час, Сара будзе мець сына».
15 А Сара запярэчыла, кажучы: «Я не сьмяялася,» бо ахапіў яе страх. Але Госпад сказаў: «Не, сьмяялася!»
16 Дык тыя людзі падняліся і накіравалі вочы свае на Садому, а Абрагам разам пайшоў, праводзячы іх.
17 І сказаў Госпад: «Ці ж магу хаваць перад Абрагамам, што маю зрабіць?
18 Ён бо станецца народам вялікім і магутным, і ў ім атрымаюць дабраславенства ўсе народы на зямлі.
19 Бо выбраў Я яго, каб загадваў сынам сваім і радні сваёй па сабе, каб пільнаваліся дарогі Госпадавай і чынілі справядлівасьць і суд, каб выканаў Госпад Абрагаму ўсё тое, што сказаў яму».
20 І сказаў Госпад: «Скарга на Садому і на Гамору павялічылася, і грэх іхні надта цяжкі.
21 Дык зыйду і пагляджу, ці скарга, якая дайшла да Мяне, збываецца на дзеі, ці не?»
22 І павярнулі тыя людзі, і накіраваліся ў Садому. А Абрагам ўсё стаяў перад Госпадам.
23 І, падыйшоўшы да Яго, спытаў: «Ці загубіш справядлівага разам зь бязбожным?
24 Калі б прыпадкам у горадзе было пяцьдзесят справядлівых, ці сапраўды загубіш і не пашкадуеш таго месца дзеля пяцідзесяці справядлівых, калі б у ім былі?
25 Не рабі так, каб загубіў Ты справядлівага ды зь бязбожным, каб справядліваму было таксама, як і бязбожнаму! Не рабі! Ці ж судзьдзя ўсёй зямлі паступіць несправядліва?»
26 Госпад адказаў: «Калі знайду ў Садоме пяцьдзесят справядлівых сярод жыхароў, то дзеля іх прабачу ўсяму гораду».
27 І зноў Абрагам прамовіў: «Вось жа пачаў я прасіць Госпада майго, хоць я пыл і парахно.
28 А што, а калі б не хапала пяці сярод гэтых пяцідзесяці справядлівых, ці дзеля нястачы пяці зьнішчыш увесь горад?» Бог кажа: «Ня зьнішчу, калі знайду там сорак пяць».
29 Зноў зьвярнуўся Абрагам у гэтыя словы: «Калі б прыпадкам было там толькі сорак?» Кажа Бог: «Ня зьнішчу дзеля сарака».
30 «Ня гневайся на мяне, прашу, Госпадзе, калі папытаюся: Калі б часам знайшлося там трыццаць?» Адказаў Бог: «Ня зьнішчу, калі знайду тамака трыццаць».
31 «Дазволь, — кажа, — Госпадзе, зноў спытацца. Можа часам знайшлося там дваццаць?» Бог кажа: «Ня зьнішчу дзеля дваццаці».
32 «Вось жа, — кажа, — хай ня гневаецца Госпад мой, калі папытаюся яшчэ раз. Можа часам знайшлося б там дзесяць?» Адказаў Бог: «Ня зьнішчу дзеля дзесяці».
33 І скончыўшы размову з Абрагамам, Госпад пайшоў, а Абрагам вярнуўся ў сваё месца.