1 І выбраўся Ізраэль з усім, што меў, і прыбыў у Бээр-Шэбу, і склаў ахвяру Богу бацькі свайго Ізаака.
2 І пачуў, як Бог клікаў яго ў начной зьяве: «Якубе, Якубе!» Ён адказаў: «Вось я!»
3 І сказаў Ён яму: «Я — Бог, Бог бацькі твайго. Ня бойся перабірацца ў Эгіпет, бо вялікім народам зраблю Я цябе там.
4 Я пайду разам з табой туды і адтуль выведу цябе назад, а Язэп заплюшчыць вочы твае».
5 І рушыў далей Якуб з Бээр-Шэбы. І везьлі яго сыны зь дзецьмі і жонкамі сваімі на вазах, каторыя прыслаў фараон на прывозку старога,
6 а таксама ўсё, што мелі ў зямлі Ханаан. І прыбылі яны ў Эгіпет, Якуб і ўсё патомства ягонае,
7 сыны яго і ўнукі, дочкі і ўсё патомства.
8 Такія вось імёны сыноў Ізраэля, каторыя прыйшлі ў Эгіпет, Якуб зь дзецьмі сваімі: Першародны Рубэн.
9 Сыны Рубэна: Генох і Пальлю, Хецрон і Кармі.
10 Сыны Сымона: Емуэль, Ямін, Огад, Яхін, Цахар і Шаўль, сын Хананейкі.
11 Сыны Левія: Гершон, Кегат і Мэрары.
12 Сыны Юды: Гэр, Анан, Шэля, Пэрэс і Зэрах. Але Гэр і Анан памерлі ў Ханаане. Сыны Пэрэса: Хецрон і Хамуль.
13 Сыны Ісахара: Тола, Пува, Яшуб і Шымрон.
14 Сыны Забулёна: Сэрэд, Элён і Яхлэль.
15 Гэта ёсьць патомкі гэтых сыноў Якуба, каторых, падобна як дачку Дзіну, нарадзіла яму Лія ў Паддан-Араме. Усіх гэтых асобаў, сыноў яго і дочак, было трыццаць тры.
16 Сыны Гада: Цэфон і Хагі, Шуні і Эцбон, Эры, Арод і Арэлі.
17 Сыны Асэра: Імна, Ішва, Ішві, Бэрыя і іхняя сястра імем Сэрах. А сыны Бэрыі: Гебэр і Мальхіэль.
18 Гэта ёсьць патомкі сыноў Зільпы, каторую даў Лябан дачцы сваёй Ліі, і каторая нарадзіла іх Якубу, усяго шаснаццаць асобаў.
19 Сыны Рахелі, жонкі Якуба: Язэп і Бэн'ямін.
20 Язэпу нарадзіліся ў Эгіпце сыны, каторых нарадзіла на сьвет Асэнат, дачка сьвятара Патыфэра: Манаса і Эфраім.
21 Сыны Бэн'яміна: Бэла і Бэхэр, Ашбэль, Гера, Нааман, Эхі, Рош, Мупім, Хупім і Ард.
22 Гэта ёсьць патомкі сыноў Рахелі, каторыя нарадзіліся Якубу. Усіх чатырнаццаць асобаў.
23 Сын Дана: Хушым.
24 Сыны Нэфталі: Яхсээль, Гуні, Ецэр і Шылем.
25 Гэта ёсьць патомкі сыноў Більгі, каторую даў Лябан Рахелі, сваёй дачцэ, і каторая нарадзіла іх Якубу. Усіх сем асобаў.
26 Усіх, каторыя прыбылі зь Якубам у Эгіпет, а каторыя выйшлі зь яго паясьніцы, было агулам, апроч жонак сыноў Якуба, шэсьцьдзесят шэсьць.
27 Сыноў жа Язэпа, каторыя яму нарадзіліся ў Эгіпце, было двух. Усіх таму членаў сям'і Якуба, каторыя прыбылі ў Эгіпет, было семдзесят.
28 І выслаў ён Юду перад сабой да Язэпа, каб мог ён яго выперадзіць у Гашэне перад іх прыбыцьцём.
29 А калі яны прыйшлі ў зямлю Гашэн, Язэп загадаў запрэгчы калясьніцу сваю і выехаў на спатканьне Ізраэля, бацькі свайго, у Гашэн. І калі ўбачыў яго, кінуўся яму на шыю і доўга плакаў на ягонай шыі.
30 І сказаў Ізраэль Язэпу: «Цяпер магу ўжо паміраць, бо ўбачыў цябе, што ты яшчэ жывеш!»
31 А Язэп сказаў братам і ўсёй сям'і бацькі свайго: «Пайду і паведамлю фараону, і скажу яму: «Браты мае і сям'я бацькі майго, каторыя пражывалі ў зямлі Ханаан, прыбылі да мяне.
32 Яны пастухі авечак і займаюцца гадаваньнем жывёлы; жывёлу буйную і ўсё, што маглі мець, прывялі з сабою».
33 Калі пакліча ён вас і запытае: «Чым вы займаецеся?»
34 Вы адкажаце: «Мы, слугі твае, пастухі ад дзяцінства і аж да цяперашняга часу, і мы, і бацькі нашыя». Гэта вось скажаце, каб маглі жыць у зямлі Гашэн, бо брыдзяцца Эгіпцяне пастухамі авечак».