1 І састарэўся Абрагам, і быў многіх гадоў, і Госпад дабраславіў яму ў-ва ўсім.
2 І сказаў Абрагам слузе, загадчыку дому свайго, каторы распараджаўся ўсім, што ў яго было: «Палажы руку сваю пад бядро мне
3 і прысягні на Госпада, Бога неба і Бога зямлі, што ня возьмеш жонкі для сына майго з дачок Хананейскіх, сярод якіх жыву,
4 але пойдзеш у зямлю маю і да радні маёй, і адтуль возьмеш жонку сыну майму, Ізааку».
5 Слуга адказаў: «Калі б жанчына не хацела са мною прыйсьці ў гэту зямлю, ці павінен я тады завесьці сына твайго ў зямлю, зь якой ты паходзіш?»
6 Абрагам сказаў: «Сьцеражыся, каб не завесьці туды сына майго.
7 Госпад, Бог неба, Каторы забраў мяне з дому бацькі майго і з радзімай зямлі маёй, Ён сказаў мне і запрысягнуў мне, і сказаў: «Гэтую зямлю Я дам патомству твайму». Ён пашле анёла Свайго перад табою, і ты возьмеш адтуль жонку сыну майму.
8 Калі б жанчына не хацела ісьці з табою, тады ты ня будзеш зьвязаны прысягай. Сына толькі не завядзі туды».
9 І палажыў слуга руку сваю пад бядро Абрагама, гаспадара свайго, і прысягнуў яму ў гэтай справе.
10 Дык вось слуга ўзяў з сабою дзесяць вярблюдаў, запар каштоўнасьці свайго гаспадара і падаўся ў Арам-Нагараім, у горад, дзе пражываў Нахор.
11 І пакінуў ён вярблюды для адпачынку па-за горадам каля студні пад вечар, у той час, калі жанчыны выходзяць чэрпаць ваду.
12 І маліўся ён: «Госпадзе, Божа гаспадара майго Абрагама, прашу, пашлі яе мне сёньня насустрач і акажы міласэрдзе гаспадару майму Абрагаму.
13 Вось жа я стаю каля студні з вадой, і дочкі жыхароў гэтага гораду прыходзяць чэрпаць ваду.
14 Дык хай дзяўчына, каторай я скажу: «Нахілі мне збан твой, каб мог напіцца», а яна адказала б: «Пі сам, і вярблюдам тваім я дам напіцца», вось гэта тая, якую выбраў Ты слузе Твайму, Ізааку, і з гэтага зразумею, што Ты аказваеш міласэрдзе гаспадару майму».
15 Ня скончыў ён словаў гэтае малітвы, аж вось Рэбэка, дачка Бэтуэля, сына Мількі, жонкі Нахора, брата Абрагама, выйшла, маючы збан на плячы.
16 А была дзяўчына тая вельмі прыгожая, дзеўка не замужняя. Яна зыйшла да крыніцы і зачэрпнула поўны збан, і вярталася.
17 І пераняў яе слуга, і кажа: «Дай мне крыху напіцца вады з твайго збана».
18 Яна адказала: «Пі, гаспадару мой», і шыбка спусьціла збан свой на руку сваю, і напаіла яго.
19 І, калі напаіла яго, сказала: «Я начэрпаю для вярблюдаў тваіх вады, пакуль усе нап'юцца».
20 І зараз жа выліла ваду са збана ў паіла, і пабегла зноў да студні зачэрпнуць вады, і начэрпала для ўсіх яго вярблюдаў.
21 Ён жа моўчкі са зьдзіўленьнем глядзеў на яе, каб пераканацца, ці ўшчасьлівіць Госпад падарожжа яго, ці не.
22 А калі вярблюды напіліся, дастаў ён залаты кольчык у паўсыкля вагі і разам узлажыў на яе рукі дзьве залатыя бранзалеты ў дзесяць сыкляў вагі,
23 і папытаўся: «Скажы мне, чыя ты дачка, і ці ў доме твайго бацькі знойдзецца месца для нас на начлег?»
24 А яна сказала: «Я дачка Бэтуэля, сына Мількі, каторага яна нарадзіла Нахору».
25 І дадала, кажучы: «Хопіць у нас саломы і пашы, а такжа месца на пераначаваньне».
26 Тады чалавек той схіліў галаву і, пакланіўшыся Госпаду,
27 сказаў: «Няхай будзе дабраслаўлены Госпад, Бог гаспадара майго Абрагама, Каторы ня ўхіліў міласэрдзя Свайго і вернасьці Сваёй ад гаспадара майго. Мяне ж Госпад прывёў да дому братоў гаспадара майго».
28 І пабегла дзяўчына, і расказала дома маці сваёй усё, што здарылася,
29 А Рэбэка мела брата імем Лябан, каторы пасьпешна пайшоў да чалавека туды, дзе была крыніца.
30 Калі ўбачыў ён кольчык і бранзалеты на руках сваёй сястры і пачуў, як Рэбэка гаварыла, што ёй той чалавек сказаў гэта, ён пайшоў да чалавека, каторы стаяў каля вярблюдаў недалёка ад студні з вадой,
31 і сказаў яму: «Увайдзі, дабраслаўлены Госпадам, чаго стаіш на двары? Я прыгатаваў дом і месца для вярблюдаў».
32 І ўвёў яго ў сьвятліцу, а сам расьсядлаў вярблюдаў і даў саломы і корму вярблюдам, і падаў вады на ўмыцьцё ног яму і мужчынам, што прыйшлі разам зь ім.
33 Калі падалі таму чалавеку пасілак, ён сказаў: «Ня буду есьці, пакуль не скажу справы сваёй». І сказалі (яму): «Кажы».
34 І ён пачаў: «Я — слуга Абрагама.
35 Госпад дабраславіў у асаблівы спосаб майму гаспадару, дзеля таго стаўся ён багатым. Ён даў яму авечак і валоў, серабро і золата, слугаў і служанак, вярблюдаў і аслоў.
36 А Сара, жонка ягоная, нарадзіла гаспадару майму сына ў сваёй старасьці. Яму вось аддаў ён усё, што меў.
37 І гаспадар мой загадаў мне прысягнуць, што споўню яго даручэньне: «Ня возьмеш сыну майму жонкі з дачок Хананейскіх, у зямлі каторых жыву,
38 але падасіся ў дом бацькі майго і ў радню маю, і возьмеш адтуль жонку сыну майму».
39 Я тады сказаў гаспадару майму: «А калі б жанчына не хацела са мной ісьці?»
40 «Госпад, — кажа ён, — на віду ў Якога жыву, пашле анёла Свайго з табой, і ён пакіруе дарогай тваёй. Возьмеш сыну майму жонку з радні маёй і з дому бацькі майго.
41 Не вінаваты будзеш у клятве маёй, калі прыбудзеш да сваякоў маіх, і не дадуць табе; тады вольны будзеш ад клятвы маёй».
42 Дык прыбыў я сёньня да крыніцы і сказаў: «Госпадзе, Божа гаспадара майго Абрагама, каб жа Ты кіраваў дарогай маёй, у якой цяпер знаходжуся.
43 Вось я стаю каля крыніцы вады; і дзяўчына выйдзе чэрпаць ваду, і я скажу ёй: «Дай мне крыху вады напіцца са збана твайго».
44 І скажа яна мне: «І ты пі, і вярблюды твае я напаю», — гэта тая жанчына, якую прызначыў Госпад сыну гаспадара майго.
45 Заледзь перастаў я так у духу маліцца, паказалася Рэбэка, прыходзячы са збанам, які несла на плячы. І зыйшла яна да крыніцы, і начэрпала вады. А я кажу ёй: «Дай мне крыху піць».
46 Яна хутка зьняла збан з пляча і сказала мне: «І ты пі, і дам напіцца вярблюдам тваім «. Напіўся я і напаіў вярблюдаў.
47 І спытаўся ў яе: «Чыя ты дачка?» Яна адказала: «Я — дачка Бэтуэля, сына Нахора, якога нарадзіла яму Мілька». Дык павесіў я кольчыкі ў ноздры яе і ўзлажыў бранзалеты на рукі ейныя.
48 І, упаўшы, пакланіўся Госпаду, дабраславячы Госпада, Бога гаспадара майго Абрагама, Які прывёў мяне простай дарогай, каб узяў дачку брата гаспадара майго сыну ягонаму.
49 Дзеля таго, калі акажаце ласку і вернасьць гаспадару майму, паведаміце мне, а калі не — скажыце, я тады падамся направа або налева».
50 Тады Лябан і Бэтуэль так адказалі: «Ад Госпада выйшла гэтае намярэньне; мы ня можам сказаць па-за воляй Яго што іншае табе.
51 Вось Рэбэка перад табой. Вазьмі яе і ідзі, і хай будзе яна жонкаю сына гаспадара твайго, як сказаў Госпад».
52 Калі пачуў гэта слуга Абрагама, упаў на зямлю і пакланіўся Госпаду.
53 Затым, выняўшы серабраныя і залатыя рэчы і шаты, даў іх Рэбэцы, і даў каштоўныя рэчы брату яе і маці.
54 Тады елі і пілі ён сам і мужчыны, якія былі зь ім, і там пераначавалі. А ўстаўшы нараніцы, сказаў слуга: «Пусьціце мяне, каб вярнуўся я да гаспадара майго».
55 Брат ейны і маці адказалі: «Хай застанецца дзяўчына прынамсі дзесяць дзён у нас, а потым адыйдзе».
56 «Не затрымоўвайце мяне, — кажа ён, — бо Госпад кіраваў дарогаю маёй. Адпусьціце мяне, каб я пасьпяшыў да гаспадара майго».
57 Сказалі яны: «Паклічам дзяўчыну і запытаемся пра яе волю».
58 Калі пакліканая прыйшла, запыталіся яе: «Хочаш ісьці з гэтым чалавекам?» Яна кажа: «Пайду».
59 Дык адпусьцілі Рэбэку, сястру сваю, і карміліцу яе, і слугу Абрагама, і людей ягоных.
60 І дабраславілі Рэбэку, і сказалі ёй: «Сястра наша, расьці ў тысячы тысячаў, і хай патомства тваё здабудзе брамы сваіх ворагаў!»
61 Тады Рэбэка і ейныя нявольніцы селі на вярблюдаў і падаліся ў дарогу за тым чалавекам. І слуга Абрагама забраў так Рэбэку, і выехаў.
62 А Ізаак, каторы ў той час жыў у Нэгэбе, акурат вяртаўся ад студні Ляхай-Рой.
63 І выйшаў Ізаак на поле наадвячорак разагнаць думкі. Калі падняў ён вочы, убачыў вярблюдаў надыходзячых.
64 Рэбэка таксама падняла вочы і ўбачыла Ізаака, і зьсела зь вярблюда.
65 І папыталася ў слугі: «Што гэта за чалавек, што ідзе праз поле на спатканьне нам?» Ён сказаў ёй: «Сам гаспадар мой». Тады Рэбэка ўзяла вэлюм і закрыла сабе твар.
66 А слуга ўсё, што чыніў, расказаў Ізааку.
67 І той увёў яе ў палатку Сары, маці сваёй, і ўзяў Рэбэку за жонку, і пакахаў яе, і яна была пацехай яму па сьмерці маткі яго.