1 І сказаў вось Госпад Абраму: «Выйдзі зь зямлі тваёй і ад радні тваёй, і з дому бацькі твайго ў зямлю, якую Я табе пакажу.
2 І Я зраблю зь цябе вялікі народ, і буду табе дабраславіць, і праслаўлю імя тваё, і ты будзеш дабраславенствам.
3 Я буду дабраславіць тым, каторыя будуць цябе дабраславіць, а тых, каторыя цябе будуць праклінаць, Я пракляну. У табе будуць дабраслаўлены ўсе народы зямлі».
4 І падаўся Абрам у дарогу, як яму загадаў Госпад, а за ім пайшоў і Лёт. Абрам меў семдзесят пяць гадоў, калі выйшаў з Харану.
5 І забраў Абрам з сабою сваю жонку Сарай, Лёта, сына брата свайго, і ўсю сваю маёмасьць, якую мелі, поруч слугаў, якіх набылі ў Харане, ды выйшлі, каб пайсьці ў зямлю Ханаан. Потым прыбылі яны ў зямлю Ханаан.
6 І прайшоў Абрам гэтую зямлю аж да мясцовасьці Сыхем, аж да дубровы Морэг. А ў той зямлі жылі тады Хананэйцы.
7 І вось явіўся Госпад Абраму і сказаў яму: «Гэтую зямлю Я дам патомству твайму». Дык ён пабудаваў там ахвярнік Госпаду, Які явіўся яму.
8 Адтуль перайшоў ён на ўзгорышча на ўсход ад Бэтэлю і паставіў палатку сваю, маючы Бэтэль на захадзе, а ад усходу — Гай. І там таксама пабудаваў ахвярнік Госпаду і прызываў імя Госпада.
9 Адсюль вандраваў Абрам зь месца на месца ў бок Нэгебу.
10 І запанаваў голад у той зямлі. Дык Абрам павандраваў у Эгіпет, каб пажыць там.
11 А калі набліжаліся яны да Эгіпту, сказаў ён жонцы сваёй: «Ведаю, што ты жанчына прыгожая,
12 дык калі ўбачаць цябе Эгіпцяне, скажуць: «Гэта жонка яго». І заб'юць мяне, а цябе пакінуць.
13 Дык кажы, што ты сястра мая, каб мне было добра дзеля цябе і каб я застаўся жывы з ласкі тваёй».
14 І сталася, калі Абрам прыйшоў у Эгіпет, Эгіпцяне ўбачылі, што Сарай ёсьць вельмі прыгожай жанчынай.
15 Убачылі яе таксама вяльможы фараона і вельмі хвалілі яе перад ім. І забралі жанчыну ў дом фараона,
16 а Абраму аднагародзілі шчодра дзеля яе. Атрымаў ён авечкі і валы, нявольнікаў і нявольніцаў, поруч аслоў і вярблюдаў.
17 Госпад жа наведаў фараона і дом ягоны страшнымі карамі дзеля Сарай, жонкі Абрама.
18 Дык паклікаў фараон Абрама і сказаў яму: «Што ты мне зрабіў? Чаму не сказаў мне, што яна жонка твая?
19 Чаму ты казаў: яна сястра мая, так што я ўзяў яе сабе за жонку? Вось табе жонка твая, бяры яе і ідзі!»
20 І даў фараон загад людзям сваім, каб Абрама і яго жонку, і ўсё, што ён меў, вывелі (да мяжы).