1 А Язэп быў завезены ў Эгіпет. І купіў яго Патыфар, урадовец фараона, начальнік варты, Эгіпцянін, з рук Ізмаэльцаў, якімі быў ён прыведзены.
2 І Госпад быў зь Язэпам, і ён быў чалавекам, катораму добра вялося, і ён жыў у доме гаспадара свайго.
3 І той зразумеў, што Госпад быў зь ім, і ў-ва ўсім, што ён рабіў, рука Госпада ім кіравала.
4 І Язэп знайшоў ласку ў гаспадара свайго, і паслугаваў яму. Нават той паставіў яго загадчыкам над домам сваім і ўсё, што меў, даручыў яму.
5 І дабраславіў Госпад дому Эгіпцяніна дзеля Язэпа, і было дабраславенства Госпада ва ўсім доме і на полі.
6 І той аддаў усё, што меў, у рукі Язэпа, і ня меў ніякага клопату, толькі пра ежу, якой пасіляўся. А меў Язэп прыгожую постаць і прывабны воблік.
7 Дык зьвярнула вочы свае на Язэпа жонка гаспадара яго і кажа яму: «Сьпі са мною».
8 Але ён не згадзіўся і сказаў ёй: «Вось жа гаспадар мой усё мне даручыў, і ня рупіцца ні пра што ў доме сваім,
9 і ня можа ніхто быць важнейшым у доме гэтым, чым я; і нічога мне не забараніў, апроч цябе, ты ж жонка ягоная. Дык як я магу дапусьціцца вялікага злачынства і грашыць супраць Бога?»
10 І падобнымі словамі штодзень дакучала жанчына юнаку, але ён адмаўляўся ад чужалоства.
11 Аднойчы, калі Язэп увайшоў у дом спаўняць свае абавязкі і не было сьведкаў,
12 яна схапіла яго за плашч і сказала: «Пасьпі са мной». А ён, пакінуўшы плашч у яе руках, уцёк і выйшаў на двор.
13 Калі жанчына ўбачыла, што ён пакінуў плашч у яе руках і ўцёк на двор,
14 паклікала дамоўнікаў сваіх і сказала ім: «Вось прывялі мужчыну Гебрая, каб ён зьдзекаваўся з нас; ён увайшоў да мяне, каб спаць са мною. Калі я закрычала,
15 і пачуўся голас мой, пакінуў ён плашч, які трымаю, а сам уцёк на двор».
16 І затрыманы плашч паказала мужу свайму, каторы вярнуўся дамоў,
17 і сказала падобныя гэтым словы: «Прыйшоў да мяне слуга Гебрай, якога ты прыняў, каб спаганіць мяне;
18 а калі пачуўся крык мой, пакінуў плашч, які трымаю, і ўцёк на двор».
19 Гаспадар, выслухаўшы словы гэтыя, моцна раззлаваўся,
20 і пасадзіў Язэпа ў вязьніцу, дзе знаходзіліся вязьні фараона. І быў там Язэп у вязьніцы.
21 А Госпад быў зь Язэпам, і шкадаваў яго, і даў яму мець ласку ў начальніка вязьніцы.
22 І ён аддаў у рукі Язэпа ўсіх вязьняў, трыманых пад вартай, і што толькі трэба было там зрабіць, ён рабіў.
23 А начальнік вязьніцы не сачыў ужо за тым, што ў яго руцэ было, бо Госпад быў зь Язэпам і кіраваў усімі ягонымі справамі.