1 А зьмей быў хітрэйшы за ўсіх жывуноў палявых, каторых стварыў Госпад Бог. Ён сказаў жанчыне: «Ці гэта праўда, што Бог забараніў вам, каб вы ня елі з кожнага дрэва райскага?»
2 Жанчына адказала яму: «З плоду дрэваў, якія знаходзяцца ў раі, ямо;
3 а з плоду дрэва, якое сярод раю, забараніў нам Бог, каб ня елі і не дакраналіся яго, каб не памерлі».
4 Дык сказаў зьмей жанчыне: «Ніякім чынам не памрыцё!
5 Бог бо ведае, што ў дзень, у каторы будзеце есьці зь яго, адкрыюцца вочы вашыя і будзеце як Бог, ведаць будзеце дабро і зло».
6 Дык убачыла жанчына, што дрэва добрае да яды і мілае вачам, і прывабнае для здабыцьця веды; і сарвала зь яго плод, пакаштавала сама і дала мужу свайму, каторы быў зь ёю, і ён зьеў.
7 І адкрыліся вочы ў абоіх. І калі пазналі, што яны голыя, дык сплялі лісты фіговыя і зрабілі сабе перапаяскі.
8 І калі пачулі голас Госпада Бога, ходзячага па раі ў пару прахалоды дня, схаваўся чалавек і жонка яго ад аблічча Госпада Бога сярод дрэваў райскіх.
9 І паклікаў Госпад Бог чалавека і сказаў яму: «Дзе ты дзеўся?»
10 Ён кажа: «Пачуў голас Твой у раі і спалохаўся, таму што голы я, і схаваўся».
11 І сказаў яму Бог: «Хто вось табе адкрыў, што ты голы? Хіба што з дрэва, зь якога Я забараніў табе есьці, ты ўсё ж такі еў?»
12 Чалавек сказаў: «Жанчына, каторую Ты мне даў за сяброўку, сама дала мне з дрэва, і я еў».
13 Дык сказаў Госпад Бог жанчыне: «Што ты гэта зрабіла?» Яна сказала: «Зьмей зьвёў мяне, і я зьела».
14 Тады кажа Госпад Бог зьмею: «За тое, што ты зрабіў гэта, пракляты будзь між усіх жывёлаў і ўсіх зьвяроў палявых! На жываце сваім поўзаць будзеш ды будзеш пыл есьці ўсе дні існаваньня свайго.
15 І Я пакладу варожасьць між табой і жанчынай, і патомствам тваім і ейным патомствам. Яно сатрэ галаву табе, а ты сатрэш яму пяту».
16 А жанчыне сказаў: «Памножу мучэньні твае ў родах тваіх: з болем будзеш радзіць дзяцей, і да мужа твайго пацяга твая, ён жа будзе панаваць над табою».
17 Чалавеку вось што сказаў: «За тое, што ты паслухаў голасу жонкі сваёй і еў з дрэва, зь якога Я табе забараніў есьці, будзе праклятая зямля дзеля цябе. У трудзе будзеш жывіцца на ёй усе дні жыцьця свайго.
18 Пустазельле і асот будзе радзіць яна табе, і будзеш карміцца расьлінамі зямлі.
19 У поце твару твайго будзеш есьці хлеб, аж пакуль ня вернешся ў зямлю, зь якой ты ўзяты, бо пыл ты і ў пыл вернешся».
20 Чалавек даў імя сваёй жонцы Эва, таму што яна была маткай усіх жывых.
21 І зрабіў Госпад Бог чалавеку, а таксама жонцы яго адзеньне са скуры і прыадзеў іх.
22 Потым кажа Госпад Бог: «Вось жа чалавек стаўся як адзін з Нас, што ведае дабро і зло. Дык цяпер хай ня выцягне ён рукі сваёй і ня возьме таксама плоду з дрэва жыцьця, зьесьць яго і жыць будзе вечна».
23 Дзеля таго Госпад Бог выгнаў яго з раю Эдэн, каб абрабляў гэтую зямлю, зь якой быў узяты.
24 І выгнаўшы чалавека, (Бог) паставіў перад раем Эдэн на ўсходзе хэрубіма і зьзяючы меч, каб сьцерагчы дарогу да дрэва жыцьця.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Роду, 3 глава. Пераклад Чарняўскага 2002

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.

ПОДДЕРЖАТЬ ДЕНЬГАМИ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Комментарии Скоуфилда
  9. Ветхий Завет сегодня


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.