1 Вось радавод патомкаў Адама. Калі Бог стварыў чалавека, стварыў яго на падобнасьць Божую.
2 Ён стварыў мужчыну і жанчыну, і дабраславіў іх, і назваў іх «чалавек» тады, калі іх стварыў.
3 Калі Адам меў сто трыццаць гадоў, нарадзіўся ў яго сын, на вобраз і падобнасьць яго, і ён даў яму імя Сэт.
4 А па нараджэньні Сэта Адам пражыў васемсот гадоў, меў яшчэ сыноў і дачок.
5 І памёр Адам, пражыўшы агулам дзевяцьсот трыццаць гадоў.
6 Таксама Сэт пражыў сто пяць гадоў і меў сына Эноша.
7 Па нараджэньні Эноша пражыў Сэт васемсот сем гадоў, меў яшчэ сыноў і дачок.
8 А агулам пражыў Сэт дзевяцьсот дванаццаць гадоў і памёр.
9 Энош, пражыўшы дзевяноста гадоў, меў сына Кенана.
10 Па нараджэньні Кенана пражыў яшчэ Энош васемсот пятнаццаць гадоў і меў сыноў і дачок.
11 Агулам Энош пражыў дзевяцьсот пяць гадоў і памёр.
12 Таксама Кенан пражыў семдзесят гадоў і меў сына Маляліэля.
13 А па нараджэньні Маляліэля Кенан пражыў васемсот сорак гадоў і меў яшчэ сыноў і дачок.
14 Агулам Кенан пражыў дзевяцьсот дзесяць гадоў і памёр.
15 Пражыў вось Маляліэль шэсьцьдзесят пяць гадоў і меў сына Ярэда.
16 А па нараджэньні Ярэда Маляліэль пражыў васемсот трыццаць гадоў і меў сыноў і дачок.
17 Агулам пражыў Маляліэль васемсот дзевяноста пяць гадоў і памёр.
18 Пражыў вось Ярэд сто шэсьцьдзесят два гады і меў сына Геноха.
19 А па нараджэньні Геноха Ярэд жыў васемсот гадоў і меў сыноў і дачок.
20 Агулам Ярэд пражыў дзевяцьсот шэсьцьдзесят два гады і памёр.
21 Вось жа Генох жыў шэсьцьдзесят пяць гадоў і меў сына Мэтушаляха.
22 Генох па нараджэньні Мэтушаляха жыў з Богам трыста гадоў і меў сыноў і дачок.
23 Агулам Генох пражыў трыста шэсьцьдзесят пяць гадоў.
24 І жыў ён у прыязьні з Богам, і зьнік, бо забраў яго Бог.
25 Таксама Мэтушалях жыў сто восемдзесят сем гадоў і меў сына Лямеха.
26 Па нараджэньні Лямеха Мэтушалях жыў семсот восемдзесят два гады і меў сыноў і дачок.
27 Агулам Мэтушалях пражыў дзевяцьсот шэсьцьдзесят дзевяць гадоў і памёр.
28 Пражыў вось Лямех сто восемдзесят два гады і меў сына,
29 і даў яму імя Ной, кажучы: «Ён пацешыць нас у рабоце нашай і ў працы рук нашых на зямлі, якую Госпад пракляў».
30 Лямех па нараджэньні Ноя жыў пяцьсот дзевяноста пяць гадоў і меў яшчэ сыноў і дачок.
31 Агулам Лямех пражыў семсот семдзесят сем гадоў і памёр.
32 А калі Ной меў пяцьсот гадоў, меў (трох сыноў): Сэма, Хама і Яфэта.