1 Такім чынам былі закончаны неба і зямля, поруч усё мноства іхняе.
2 У сёмы дзень закончыў Бог тварэньне Сваё, што стварыў, і ў дзень сёмы спыніўся ад усякага тварэньня, што даканаў.
3 І дабраславіў Бог дзень сёмы і ўсьвяціў яго, бо ў ім супачыў ад усякай працы Сваёй, якую зрабіў Бог, творачы.
4 Такое вось паходжаньне неба і зямлі, калі былі яны створаны. Калі Госпад Бог стварыў зямлю і неба,
5 не было яшчэ ніводнага куста палявога на зямлі, ані ніводнай палявой траўкі ўзыйшоўшай, бо Госпад не спасылаў дажджу на зямлю, ды не было чалавека, каторы б абрабляў зямлю,
6 але крыніца выцякала зь зямлі і абвадняла ўвесь паверх зямлі.
7 Тады ўфармаваў Госпад Бог чалавека з пылу зямлі і ўдыхнуў у ноздры ягоныя дых жыцьця, і чалавек стаўся душою жывою.
8 І заснаваў Госпад Бог рай у Эдэне, на ўсходзе, у якім памясьціў чалавека, каторага Сам уфармаваў.
9 І вырасьціў Госпад Бог зь зямлі ўсякае дрэва, прыгожае на від і салодкае на яду, а ў сярэдзіне раю — дрэва жыцьця і дрэва пазнаньня дабра і зла.
10 З Эдэну выцякала рака для абвадняньня раю, каторая адтуль разьдзялілася на чатыры ракі.
11 Назва адной — Пішон. Яна тая, што акружала зямлю Хавіля, дзе знаходзіцца золата.
12 А золата тое зямлі найлепшае, там пахкая жывіца і камень чырвоны.
13 А назва другой ракі — Гіхон; акружае яна ўсю краіну Куш.
14 Трэцяя ж рака называецца Тыгар: цячэ яна на ўсход Асырыі, чацьвёртая рака — Эўфрат.
15 Вось жа ўзяў Госпад Бог чалавека і памясьціў яго ў раі Эдэне, каб даглядаў яго і сьцярог яго.
16 І загадаў Госпад Бог чалавеку: «З кожнага райскага дрэва еш,
17 а з дрэва пазнаньня дабра і зла ня еш! Бо ў які-колечы дзень будзеш есьці зь яго — сьмерцю памрэш».
18 Таксама сказаў Госпад Бог: «Ня добра быць чалавеку аднаму: зраблю яму дапамогу, падобную да яго».
19 І ўфармаваў Госпад Бог зь зямлі ўсіх жывуноў палявых і ўсіх птушак паднебных, і прывёў іх да чалавека, каб пабачыць, як ён назаве іх, і як чалавек назаве кожную істоту жывую, такое і імя ёй уласьцівае.
20 І так чалавек назваў сваімі імёнамі ўсе жывёлы, і ўсе птушкі паднебныя, і ўсіх зьвяроў палявых. Аднак чалавеку не знайшоўся памочнік, падобны яму.
21 Дык упусьціў Госпад Бог сон на чалавека. Калі ён заснуў, выняў яму адно зь яго рэбраў, а месца гэта запоўніў целам.
22 А з рабра, якое выняў з чалавека, Госпад Бог уфармаваў жанчыну і прывёў яе да чалавека.
23 І сказаў чалавек: «Гэта цяпер косьць з касьцей маіх ды цела зь цела майго. Яна будзе называцца жонкаю, бо ўзята ад мужа».
24 Таму пакіне чалавек бацьку свайго і матку сваю і злучыцца з жонкай сваёй так, што будуць адным целам.
25 І былі абое голыя, чалавек значыць і жонка яго, але не адчувалі сораму.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Роду, 2 глава. Пераклад Чарняўскага 2002

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.

Я ХОЧУ ПОМОЧЬ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Комментарии Скоуфилда
  9. Ветхий Завет сегодня


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.