1 Па гэтых падзеях Бог захацеў выспрабаваць Абрагама, і сказаў яму: «Абрагаме!» Ён адказаў: «Вось я».
2 І сказаў Бог: «Вазьмі сына адзінага свайго, якога любіш, Ізаака, і ідзі ў зямлю Морыя, і ахвяруй там яго ў цэлапаленьне на адной гары, якую Я табе пакажу».
3 Дык Абрагам устаў рана, асядлаў асла свайго, узяў з сабою двух юнакоў сваіх і Ізаака, сына свайго. І нанёс ён дроваў на паленьне, і ўстаў, і выбраўся ў мясцовасьць, пра якую загадаў яму Бог.
4 У трэці вось дзень, падняўшы вочы, убачыў ён у далечыні гэтую мясцовасьць,
5 і сказаў юнакам сваім: «Застанецеся тут з аслом; а я з сынам пайду туды і паклонімся Богу, і вернемся да вас».
6 І ўзяў Абрагам дровы на спаленьне ахвяры, і ўзлажыў іх на сына свайго, Ізаака. А сам нёс у рукох агонь і нож. Калі так абодва ішлі разам,
7 Ізаак спытаўся ў бацькі свайго: «Айцец мой», ён адказаў: «Што хочаш, сыне?» «Вось жа, — кажа ён, — агонь і дровы, а дзе ж ахвяра на спаленьне?»
8 Адказаў яму Абрагам: «Бог угледзіць сабе ахвяру на спаленьне, сын мой». Ды ішлі абодва далей.
9 І прыбылі да месца, якое Бог паказаў. На тым месцы Абрагам пабудаваў ахвярнік і палажыў наверх дровы. Пасьля зьвязаў Ізаака, сына свайго, і палажыў яго на ахвярніну на дровы,
10 і выцягнуў руку сваю Абрагам, і хваціў нож, каб злажыць сына свайго ў ахвяру.
11 А вось жа Анёл Госпадаў азваўся да яго зь неба: «Абрагаме, Абрагаме». Ён адказаў: «Вось я».
12 Анёл сказаў: «Не падымай рукі сваёй на хлопца, і не рабі яму нічога благога! Цяпер пераканаўся Я, што ты баішся Бога і не пашкадаваў сына свайго адзінага дзеля Мяне».
13 І падняў Абрагам вочы свае, і ўбачыў барана нейкага, увязанага за рогі ў церні. Узяў ён яго і злажыў у цэлапальную ахвяру замест сына.
14 І назваў Абрагам месца тое: «Госпад бачыць». Адсюль і да сягоньняшняга дня кажуць: «На гары Госпад даецца ўбачыць».
15 І азваўся другі раз Анёл Госпадаў зь неба да Абрагама:
16 «Прысягаю на Самога Сябе, — кажа Госпад, — за тое, што ты ўчыніў гэта і не пашкадаваў сына свайго адзінага,
17 буду дабраславіць табе і дам табе патомства так многае, як зоркі на небе і як пясок на беразе мора. Патомства тваё завалодае гарадамі ворагаў сваіх;
18 і атрымаюць дабраславенства ў патомстве тваім усе народы зямлі, бо ты паслухаў голасу Майго».
19 І вярнуўся Абрагам да юнакоў сваіх, і падаўся зь імі ў дарогу, і пайшлі ў Бээр-Шэбу, і абжыўся Абрагам ў Бээр-Шэбе.
20 Пасьля гэтых падзеяў паведамілі Абрагаму, што Мілька таксама нарадзіла ягонаму брату Нахору сыноў:
21 Уца, сына першароднага, і Буза, брата яго, і Кемуэля, бацьку Арама,
22 і Кесэда, і Хазо, і Пільдаша, і Едляфа,
23 і Бэтуэля, зь якога нарадзілася Рэбэка. Восем гэтых сыноў нарадзіла Мілька Нахору, брату Абрагама.
24 А наложніца ягоная імем Рэўма нарадзіла таксама Тэбаха і Гахама, Тахаша і Мааху.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Роду, 22 глава. Пераклад Чарняўскага 2002

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.

ПОДДЕРЖИТЕ НАС

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Комментарии Скоуфилда
  9. Ветхий Завет сегодня


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.