1 У той час Юда пакінуў братоў сваіх і накіраваўся да чалавека Адулямца, імем Хіра.
2 І ўбачыў там дачку аднаго Хананейца на імя Шуа, і ўзяў яе за жонку, і перайшоў да яе.
3 І яна пачала, і нарадзіла сына, і далі яму імя Гэр.
4 І зноў яна пачала, і народжанага сына назвала імем Анан.
5 І трэцяга нарадзіла таксама, і назвала яго Шэля. Яна прабывала ў Кезібе, калі яго нарадзіла.
6 Юда даў свайму першароднаму сыну Гэру жонку імем Тамар.
7 Першародны Юды Гэр быў ліхі на віду ў Госпада, і Ён паслаў на яго сьмерць.
8 Тады Юда сказаў Анану: «Ідзі да жонкі брата свайго і жыві зь ёй, каб вырасьціць брату свайму патомства».
9 А Анан, ведаючы, што патомства ня будзе ягоным, уваходзячы да жонкі брата свайго, насеньне зьліваў на зямлю, каб ня даць патомства брату свайму.
10 Дзеля таго і на яго спаслаў Госпад сьмерць, бо ліхоту чыніў ён.
11 З гэтай прычыны Юда сказаў Тамары, сыновай сваёй: «Будзь удавой у доме бацькі свайго, пакуль ня вырасьце Шэля, сын мой». Баяўся бо, каб і той не памёр, як браты ягоныя. І яна пайшла, і жыла ў доме бацькі свайго.
12 І прайшло многа гадоў, і памерла дачка Шуа, жонка Юды. Ён па жалобе суцешыўся і выбраўся ў Тымну да стрыгачоў авечак сваіх, ён сам і прыяцель яго Хіра Адулямец.
13 І нехта паведаміў Тамары, што сьвёкар яе выбіраецца ў Тымну стрыгчы авечкі.
14 І яна, скінуўшы ўдовія шаты, і абкрыўшыся вэлюмам, і зьмяніўшы выгляд, села ў браме Энайм каля дарогі, каторая ідзе ў Тымну. Бо бачыла яна, што Шэля вырас, а яна ня дадзена яму за жонку.
15 І ўбачыў яе Юда, і, думаючы, што яна блудніца, бо была закрыўшы твар свой,
16 павярнуў да яе з дарогі і сказаў: «Хадзі, хачу з табой пагуляць,» а ня ведаў ён, што гэта яго сыновая. А яна папыталася: «Што мне дасі за тое, што са мною пагуляеш?»
17 Ён сказаў: «Пашлю табе казьлянё са стада». Яна зноў сказала: «А ці дасі мне заруку, пакуль прышлеш мне яго?»
18 Юда кажа: «Якую даць табе заруку?» Адказала: «Пячатку тваю, і пасак, і кій, які трымаеш у руцэ». І ён даў ёй, і ўвайшоў да яе, і жанчына пачала.
19 Потым паднялася яна і пайшла, і зьняўшы вэлюм, адзелася зноў ва ўдовія шаты.
20 А Юда паслаў казьлянё праз сябру свайго Адулямца, каб зьвярнуў заруку, якую ён даў жанчыне. Той жа, як не знайшоў жанчыны,
21 распытваўся людзей таго месца: «Дзе блудніца, каторая сядзела ў Энайм пры дарозе?» А многія адказвалі: «Не было на гэтым месцы блудніцы».
22 Тады той, вярнуўшыся да Юды, сказаў яму: «Не знайшоў яе, і людзі таго месца казалі мне, што там ніколі не сядзела блудніца».
23 І сказаў Юда: «Хай сабе мае. Каб толькі з нас не сьмяяліся. Я паслаў казьлянё, каторае абяцаў, але ты яе не знайшоў».
24 І вось па трох месяцах паведамілі Юду: «Твая сыновая Тамар зацяжыла з распусты». І сказаў Юда: «Прывядзіце яе, каб была спалена».
25 А калі яе выводзілі на пакараньне, яна паслала да свайго сьвёкра сказаць яму: «Я пачала ад таго мужчыны, каторага гэтыя рэчы. Пазнавай: чыя пячатка, пасак і кій».
26 І ён, пазнаўшы заруку, сказаў: «Яна справядлівейшая за мяне, бо я не хацеў яе аддаць Шэлі, майму сыну!» І Юда болей да яе не ўваходзіў.
27 І калі настаў час радзіць, выявілася, што мае двайняты.
28 Калі пачала радзіць, адно зь дзяцей высунула ручку, на каторую павітуха завязала чырвоную стужку, кажучы: «Гэты народзіцца першы».
29 Але яно ўцягнула ручку, і выйшаў брат ягоны. І сказала жанчына: «Як ты прарваў сабе перагароду?» І з той прычыны назвала яго імя Пэрэс.
30 А па ім нарадзіўся брат ягоны, у каторага на руцэ была стужка; і ён названы Зэрах.