1 Абрагам узяў яшчэ іншую жонку імем Кетура.
2 Яна нарадзіла яму Зімрана, Екшана, і Мэдана, і Мадыяна, і Ішбака, і Шуаха.
3 А Екшан быў бацькам Шэбы і Дэдана. Сынамі Дэдана былі Ашурым, і Летушым, і Леюмім.
4 А з Мадыяна нарадзіліся Эфа, і Эфэр, і Генох, і Абіда, і Эльдаа. Усё гэта сыны Кетуры.
5 І аддаў Абрагам усё, што меў, Ізааку.
6 Сыноў жа наложніцаў сваіх абдарыў дарамі і аддзяліў іх ад Ізаака, сына свайго, яшчэ пры жыцьці сваім, на ўсход.
7 Абрагам пражыў сто семдзесят пяць гадоў.
8 І наблізіўся канец яго жыцьця, і памёр Абрагам у позьняй, але шчасьлівай старасьці, насычаны жыцьцём, і палучыўся са сваімі бацькамі.
9 Ізаак і Ізмаэль, сыны ягоныя, пахавалі яго ў пячоры Махпэля, на полі Эфрона, сына Цахара Гетыта зь мясцовасьці Мамрэ,
10 якую Абрагам купіў ад сыноў Гета. Там пахаваны сам і Сара, жонка ягоная.
11 А па сьмерці яго дабраславіў Бог Ізааку, сыну ягонаму, каторы жыў каля студні Ляхай-Рой.
12 А вось патомкі Ізмаэля, сына Абрагама, каторага нарадзіла Абрагаму Эгіпцянка Агар, нявольніца Сары.
13 Вось імёны сыноў Ізмаэля, імёны патомкаў іхніх: Нэбаёт, першародны сын Ізмаэля, далей Кедар, Адбээль, і Мібсам.
14 Мішма, Дума і Масса,
15 Гадад і Тэма, Етур, Нафіш і Кедма.
16 Вось сыны Ізмаэля, і такія разам мясцовасьці, у якіх яны прабывалі або пасяліліся, дванаццаць князёў іх плямёнаў.
17 Ізмаэль у сто трыццаць сем гадоў дайшоў да канца жыцьця, і памёр, і палучыўся з бацькамі сваімі.
18 А патомкі яго пражывалі ад Хавілі аж да Шура, насупраць Эгіпту па дарозе ў Асырыю. І пасяліліся яны на віду ўсіх сваіх братоў.
19 Гэта дзеі патомкаў Ізаака, сына Абрагама. Абрагам быў бацькам Ізаака.
20 Ізаак меў сорак гадоў, калі ўзяў сабе жонку Рэбэку, дачку Бэтуэля, Арамейца з Паддан-Араму, сястру Лябана Арамейца.
21 І маліўся Ізаак за сваю жонку да Госпада, бо была яна няплоднай. І Госпад выслухаў яго, і Рэбэка, жонка Ізаака, сталася цяжарнай.
22 А калі біліся ў ейным улоньні дзеці, яна падумала: «Калі так бывае, дык чаму ў мяне?» І пайшла папытацца Госпада.
23 І Госпад адказаў ёй: «Два народы ў тваім лоне, і два народы выдзяляцца з нутра твайго: адзін будзе дужэйшы ад другога, і старэйшы будзе слугой малодшага».
24 Калі надыйшоў час родаў, выявілася, што ва ўлоньні яе двайняты.
25 І выйшаў першы сын чырвоны, увесь, як кажух, касматы; і назвалі яго Эзаў.
26 Потым паказаўся брат яго, трымаючы Эзава за пяту. Таму дадзена яму імя Якуб. Ізаак меў шэсьцьдзесят гадоў, калі яны яму нарадзіліся.
27 А калі яны выраслі, Эзаў стаўся спрытным паляўнічым, чалавекам палёў; а Якуб быў чалавекам ціхім і пражываў у палатках.
28 Ізаак любіў Эзава, таму што любіў страву з упаляваных ім зьвяроў, а Рэбэка любіла Якуба.
29 Калі аднойчы Якуб варыў нейкую страву, надыйшоў з поля Эзаў надта змучаны
30 і прасіў Якуба: «Дай мне хоць крыху гэтай чырвонай стравы, бо я надта стомлены». Дзеля гэтай прычыны дадзена яму імя Эдом.
31 Якуб сказаў яму: «Прадай мне перш сваё першародзтва».
32 Ён адказаў: «Калі ледзь не ўміраю з голаду, што мне паможа першародзтва?»
33 Якуб кажа: «Дык прысягні мне». І прысягнуў ён, і прадаў першародзтва.
34 І так атрымаў хлеб і сачэвіцу, зьеў і выпіў, і ўстаў, і пайшоў, мала зважаючы, што прадаў першародзтва.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Роду, 25 глава. Пераклад Чарняўскага 2002

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.

ПОЖЕРТВОВАТЬ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Комментарии Скоуфилда
  9. Ветхий Завет сегодня


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.