1 І выйшаў Абрам з Эгіпту сам і жонка ягоная, і ўсё, што ён меў, ды разам зь Лётам, у Нэгеб.
2 І стаўся Абрам вельмі багатым жывёламі, серабром і золатам.
3 І вандраваў ён зь месца на месца з Нэгебу ў Бэтэль, аж да месца, дзе раней быў паставіў палатку між Бэтэлем і Гаем,
4 да таго месца, дзе раней быў пабудаваны ахвярнік і дзе ён прызываў імя Госпада.
5 Таксама Лёт, каторы вандраваў разам з Абрамам, меў авечкі, валы і палаткі,
6 і не хапала ім зямлі, каб жыць сумесна, бо маёмасьць іх была вялікая і не маглі яны жыць супольна.
7 Таму ўзьнікла сварка між пастухамі статкаў Абрама і пастухамі статкаў Лёта. А ў той час Хананэйцы і Пэрэзэі пражывалі ў той зямлі.
8 Дык сказаў Абрам Лёту: «Хай ня будзе сваркі між мной і табой, і паміж пастухамі маімі і пастухамі тваімі, браты ж мы!
9 Уся краіна перад табою! Дык прашу, адлучыся ад мяне! Калі пойдзеш налева, то я буду трымацца правага боку, а калі выбярэш правы бок, то я падамся ўлева».
10 Падняўшы тады вочы, Лёт убачыў усю ваколіцу каля Ярдану аж да Цаару, усю абвадняную, пакуль ня зьнішчыў Госпад Садомы і Гаморы, як рай Госпада і як Эгіпет.
11 І выбраў сабе Лёт усю мясцовасьць каля Ярдану і адступіў на ўсход. І так аддзяліліся брат ад брата свайго.
12 І абжыўся Абрам у зямлі Ханаан; Лёт жа апынуўся ў гарадах каля Ярдану і пашырыў палаткі аж да Садомы.
13 А Садомцы былі ліхімі і вялікімі грэшнікамі перад Госпадам.
14 Па адыходзе Лёта Госпад сказаў Абраму: «Падымі вочы свае і паглядзі з гэтага месца, дзе цяпер стаіш, на поўнач і на поўдзень, на ўсход і на захад,
15 бо ўсю зямлю, якую бачыш, Я дам табе і патомству твайму на вечнасьць.
16 І зраблю патомства тваё, як пясок зямлі. Калі хто зь людзей зможа палічыць пясок зямлі, тады і тваё патомства палічыць.
17 Устань і прайдзіся па зямлі ў даўжыню і шырыню яе, бо яе Я дам табе».
18 Дык зьняў Абрам палатку сваю і пайшоў, і абжыўся каля дубровы Мамрэ, каторая ў Геброне, і пабудаваў там ахвярнік Госпаду.