1 І загадаў Язэп загадчыку дому свайго: «Напоўні мяхі іхнія збожжам да поўнасьці і палажы грошы наверх у кожны мех.
2 А чашу маю серабраную і плату за пшаніцу палажы наверх мяха наймалодшага». Так ён і зрабіў.
3 І на сьвітаньні ён адправіў іх разам зь іх асламі.
4 Заледзь аднак выбраліся яны з гораду і крыху адыйшліся, Язэп сказаў загадчыку дому: «Уставай, і дагані людзей гэтых, і скажы ім: Чаму адгадзіліся вы ліхам за дабро? Чаму ўкралі ў мяне серабраную чашу?
5 Гэта ж тая (чаша), з каторай п'е гаспадар мой і на каторай ён звычайна варожыць! Ліхое вы ўчынілі!»
6 І зрабіў загадчык, як загадана, і затрыманым па парадку сказаў усё гэта.
7 Яны адказалі: «Чаму так кажа гаспадар наш? Слугі твае ня робяць гэтак.
8 Грошы, якія мы знайшлі на версе мяхоў, вярнулі табе зь зямлі Ханаан. І як маглі мы ўкрасьці золата ці серабро ў доме гаспадара нашага?
9 У каторага са слугаў тваіх знойдзецца (тая чаша), што шукаеш, той хай памрэ, а мы будзем слугамі гаспадара нашага».
10 Ён сказаў ім: «Хай станецца па вашым рашэньні: у каго будзе тое знойдзена, ён будзе слугою маім. Вы ж будзеце невінаватыя».
11 І так напосьпех, зьняўшы мяхі на зямлю, паадкрывалі кожны.
12 І ён, абшукваючы іх, пачынаючы ад старэйшага да наймалодшага, знайшоў чашу ў мяху Бэн'яміна.
13 І яны, з жалю разьдзёршы адзеньне і ўсклаўшы мяхі на аслоў, вярнуліся ў горад.
14 І Юда з братамі ўвайшоў да Язэпа, а ён быў яшчэ там, і ўсе ўкленчылі перад ім на калені.
15 І ён сказаў ім: «Як маглі вы так зрабіць? Ці вы ня бачылі і ня ведаеце, што няма падобнага мне чалавека ў гаданьні?»
16 Юда адказаў: «Што маем адказаць гаспадару нашаму? Або чым можам перад ім апраўдацца? Бог знайшоў беззаконьне ў слугах тваіх. Усе мы сталіся слугамі гаспадара майго, і мы, і той, у каго была знойдзена чаша».
17 Язэп адказаў: «Я гэтага не зраблю! Хто ўкраў чашу маю, той хай будзе слугою маім, вы ж ідзіце свабодна да бацькі свайго».
18 Тады Юда, падыйшоўшы бліжэй, сказаў даверліва: «Малю, гаспадару мой, хай скажа слуга твой словы табе, і хай ня гневаецца гаспадар мой на слугу твайго, бо ты як фараон!
19 Гаспадар мой спытаў перш слугаў тваіх: «Ці маеце бацьку або брата?»
20 А мы адказалі гаспадару нашаму: «Маем бацьку старога і хлопца маладога, які ў старасьці яго нарадзіўся, каторага родны брат памёр, і ён адзін застаўся ад маткі сваёй, бацька таму вельмі любіць яго».
21 І сказаў ты слугам сваім: «Прывядзіце яго да мяне, я пагляджу на яго».
22 Мы даказвалі гаспадару майму: «Ня можа хлопец пакінуць бацькі свайго, бо калі яго пакіне, той памрэ».
23 Тады сказаў ты слугам сваім: «Калі ня прыйдзе брат ваш наймалодшы з вамі, вы больш ня ўбачыце мяне».
24 Дык калі мы прыйшлі да слугі твайго, бацькі нашага, і расказалі яму ўсё, што сказаў гаспадар наш,
25 то сказаў бацька наш: «Вярніцеся і купіце крыху пшаніцы».
26 Мы сказалі яму: «Пайсьці мы ня можам, калі брат наш наймалодшы ня пойдзе разам з намі, пойдзем разам, інакш безь яго ня ўбачым аблічча гаспадара нашага».
27 На гэта слуга твой, бацька наш, адказаў: «Вы ведаеце, што жонка мая нарадзіла мне двух.
28 Аднойчы адзін ад мяне пайшоў, і я сказаў: «Дзікі зьвер зьеў яго!» І дасюль не знайшоўся.
29 Калі возьмеце і гэтага ад мяне, ды яму што здарыцца ў дарозе, загоніце сівізну маю са смуткам у цемру».
30 Дык, калі ўвайду да бацькі майго, слугі твайго, бяз хлопца, ім умілаванага,
31 то калі ўбачыць, што яго няма з намі, — памрэ. І так давядуць слугі твае сівізну яго ў адхлань.
32 Слуга твой злажыў прысягу бацьку за сына: калі не вярну яго, цяжка саграшу адносна бацькі свайго на ўсё жыцьцё.
33 Дык застануся я, слуга твой, за хлопца ў службе гаспадару майму, а хлопец хай ідзе з братамі сваімі.
34 Бо не магу вярнуцца да бацькі майго бяз хлопца, каб ня быць сьведкам няшчасьця, якое нахлыне на бацьку майго».