1 І Якуб, падняўшы вочы свае, убачыў прыбываючага Эзава, а зь ім чатырыста мужчынаў. І (Якуб) падзяліў дзяцей Ліі, Рахелі і абёдзьвюх нявольніцаў,
2 і памясьціў нявольніцы зь іхнімі дзяцьмі наперадзе, Лію зь яе дзяцьмі крыху за імі, а пасьля іх Рахелю і Язэпа.
3 А сам, ідучы перад усімі, сем разоў пакланіўся да зямлі, пакуль падыйшоў да брата свайго.
4 І Эзаў падбег на спатканьне брата свайго, абняў яго за шыю і пацалаваў яго, і расплакаліся абодва.
5 Эзаў, падняўшы вочы, убачыў жанчынаў і дзяцей іхніх і спытаўся: «Хто яны табе?» Ён адказаў: «Гэта дзеці мае, якімі надарыў Бог мяне, слугу твайго».
6 Тады падыйшлі нявольніцы з сваімі дзяцьмі, і пакланіліся.
7 Падыйшла такжа Лія са сваімі дзяцьмі, і пакланілася; а наастатак Язэп і Рахель аддалі паклон.
8 І папытаўся Эзаў: «Чые гэта стады, каторыя я напаткаў?» Якуб адказаў: «Каб знайшоў я ласку перад гаспадаром маім».
9 На гэта сказаў Эзаў: «Маю я многа, браце мой, хай твае будуць табе».
10 Якуб адказаў: «Але ж не, прашу. Калі я знайшоў ласку ў цябе, прымі ад мяне гэты мой дар з рук маіх. Бо калі я ўбачыў воблік твой, як быццам бачыў аблічча Бога, і ты аказаў мне вялікую спагаднасьць.
11 Дык прымі дар мой, каторы я для цябе прызначыў, бо Бог міласьцівы для мяне, маю ўсё». І так налягаў на яго, аж наканец прыняў
12 і сказаў: «Хадзем разам, буду спадарожнікам тваім».
13 Якуб адказаў: «Ведаеш, мой гаспадару, што маю дзеці кволыя, авечкі і каровы кормяць малых; калі буду іх гнаць хоць бы адзін дзень, то прападзе ўсё маё стада.
14 Дык ідзі, гаспадару мой, перад слугою тваім, а я буду ісьці памалу, так, як пойдзе мой статак, каторы ганю, і як будуць ісьці дзеці, аж прыйду да цябе, гаспадару мой, да Сэіру.»
15 Эзаў адказаў: «Можа табе пакінуць некалькі маіх людзей, каторыя са мною?» На гэта Якуб сказаў: «Няма патрэбы ў гэтым, калі знайшоў я спагаднасьць на віду гаспадара майго».
16 І Эзаў вярнуўся ў той дзень у паваротную дарогу ў Сэір.
17 А Якуб прыбыў у Сукот, дзе збудаваў сабе дом, а для сваіх стадаў паставіў буданы. Дзеля таго тую мясцовасьць назвалі Сукот.
18 Калі вярнуўся з Паддан-Араму, пераправіўся Якуб пасьпяхова ў горад Сыхем, які ў зямлі Ханаан, і абжыўся каля гораду.
19 І купіў ён частку поля, на якім паставіў палатку сваю, ад сыноў Гамора, бацькі Сыхема, за сто сярэбранікаў.
20 І пабудаваў там ахвярнік, і назваў яго: «Бог ёсьць Богам Ізраэля».