1 Калі пачуў Якуб, што збожжа прадаецца ў Эгіпце, сказаў сынам сваім: «Чаму вы аглядаецеся адзін на другога?
2 Я чуў, што ў Эгіпце прадаюць пшаніцу. Выберыцеся і купіце сабе што патрэбна, каб мы маглі пражыць і не памерлі з голаду».
3 І дзесяць братоў Язэпа выбраліся ў Эгіпет купляць збожжа.
4 А Бэн'яміна, брата Язэпа, Якуб затрымаў дома, кажучы ягоным братам: «Каб у дарозе не здарылася чаго нядобрага».
5 Калі сыны Ізраэля прыбылі зь іншымі ў зямлю Эгіпецкую, каб купіць збожжа, бо голад панаваў у зямлі Ханаан,
6 Язэп быў правіцелем у зямлі Эгіпецкай, і за яго згодай прадавалася збожжа народам. Браты Язэпа, прыбыўшы да яго, пакланіліся аж да зямлі.
7 І ён пазанаў іх, і, як бы ў чужых, строга запытаўся ў іх: «Адкуль прыбылі вы?» Яны адказалі: «Зь зямлі Ханаан, каб купіць харчоў для пражыцьця».
8 І ён пазнаў братоў, але імі ня быў пазнаны.
9 І, прыпомніўшы сны, якія калісьці сьніў, сказаў ім: «Шпіёны вы, прыйшлі вы, каб агледзець месцы неўмацаваныя!»
10 Яны адказалі: «Не, пане, мы — слугі твае, прыбылі, каб купіць харчоў.
11 Усе мы сыны аднаго чалавека, шчырыя мы, і нічога слугі твае ня думаюць благога».
12 Ён ім адказаў: «Не, прыбылі вы ў неўмацаваныя месцы, каб гэтую зямлю агледзець!»
13 А яны сказалі: «Было нас дванаццаць братоў, слугаў тваіх, сыноў аднаго чалавека ў Ханаане. Наймалодшы застаўся з бацькам нашым, а аднаго ўжо няма».
14 Язэп сказаў ім: «Так ёсьць, як я вам сказаў: вы шпіёны!
15 Таму праверым вас. На жыцьцё фараона! Ня выйдзеце адсюль, пакуль не прыбудзе наймалодшы ваш брат!
16 Пашліце з вас аднаго, і хай ён прывядзе яго. Вы ж застаніцёся ў вязьніцы, пакуль высьветліцца, што вы гаварылі ці праўдзіва, ці фальшыва. Інакш, на жыцьцё фараона, шпіёны вы!»
17 І аддаў іх пад варту на тры дні.
18 На трэці дзень, вывеўшы іх зь вязьніцы, сказаў: «Рабіце, што загадаў, і будзеце жыць, бо я баюся Бога.
19 Калі шчырыя вы, адзін брат ваш застанецца ў вязьніцы, а вы ідзіце і вязіце збожжа, каторае купілі, да дамоў вашых,
20 а брата вашага наймалодшага да мяне прывядзіце, каб я мог праверыць вашыя словы, і вы не памрыцё». І яны зрабілі, як ён загадаў,
21 і гаварылі паміж сабою: «Заслужана гэта церпім, бо правініліся мы адносна брата нашага. Бачылі мы гора душы яго, як прасіўся ў нас, а мы ня выслухалі. Таму і на нас прыйшла гэтая бяда».
22 А Рубэн казаў: «Ці не казаў я вам: «Не грашыце супраць хлопца?» І не паслухалі мяне. Кроў ягоная помсьціцца».
23 І ня ведалі яны, што Язэп разумее, бо зь імі размаўляў празь перакладчыка.
24 І адыйшоўшыся ад іх, расплакаўся (Язэп). Потым вярнуўся і, размаўляючы зь імі, адлучыў ад іх Сымона, і ў іх прысутнасьці загадаў яго зьвязаць.
25 І загадаў напоўніць мяшкі іх збожжам, і каб ў кожным мяшку былі ўложаны дадзеныя імі грошы, і каб далі ім яшчэ харчоў на дарогу. Так і было зроблена.
26 І яны, усклаўшы сваё збожжа на аслоў, падаліся ў дарогу.
27 Калі адзін зь іх адкрыў мяшок свой, каб пакарміць асла ў заезьдзе, убачыў грошы наверсе ў мяшку,
28 і сказаў братам сваім: «Зьвярнулі мне грошы, вось яны ляжаць у мяшку!» Яны зьдзівіліся і стрывожыліся запар, і казалі: «Што гэта такое, што нам гэтак Бог зрабіў?»
29 І вярнуліся яны да Якуба, бацькі свайго, у зямлю Ханаан, і расказалі яму ўсё, што зь імі было ў Эгіпце, кажучы:
30 «Гаварыў з намі правіцель зямлі строга і думаў, што мы — шпіёны ў гэтай правінцыі.
31 Мы яму адказалі: Мы чэсныя, і ня маем намеру рабіць ніякіх подступаў,
32 дванаццаць братоў у аднаго бацькі, аднаго ўжо няма, наймалодшы з бацькам нашым ў зямлі Ханаан.
33 Дык сказаў нам правіцель зямлі: Вось праверу, ці вы чэсныя: аднаго брата вашага пакіньце і адпраўляйцеся.
34 Брата вашага найменьшага дастаўце да мяне, каб я пераканаўся, што вы не шпіёны. А таго, што ў путах, аддам вам, і далей будзеце мець дазваленьне хадзіць па гэтай зямлі».
35 Па гэтай размове, калі апаражнілі яны мяхі, кожны знайшоў у сваім мяшку капшук з грашыма. І ўсе разам надта спалохаліся.
36 І сказаў бацька Якуб: «Зрабілі вы, што мы застанёмся безь дзяцей: Язэпа няма, Сымон у вязьніцы, Бэн'яміна забіраеце. На мяне ўсе гэтыя беды нахлынулі».
37 А Рубэн сказаў яму: «Калі не вярну яго табе, забі двух сыноў маіх. Аддай яго ў рукі мае, а я яго вярну табе».
38 А Якуб адказаў: «Ня пойдзе сын мой з вамі. Брат яго памёр, ён толькі адзін застаўся: калі яму што нядобрае здарыцца ў дарозе, загоніце сівізну маю з болем у адхлань».