1 А Рахель, бачучы, што ня можа даць Якубу патомства, зайздросьціла сваёй сястры, і сказала мужу: «Дай мне дзяцей, інакш памру».
2 Раззлаваны, адказаў ёй Якуб: «Ці гэта я, а ня Бог пазбавіў цябе патомства?»
3 А яна сказала на гэта: «Вось нявольніца мая, Більга. Увайдзі да яе, каб нарадзіла яна на маіх каленях, і буду я мець дзяцей зь яе».
4 І дала яна яму сваю нявольніцу Більгу за жонку,
5 якая па тым, як увайшоў да яе Якуб, пачала і нарадзіла сына.
6 І сказала Рахель: «Судзіў мяне Бог, і выслухаў просьбу маю, даючы мне сына». І таму назвала яго Дан.
7 І зноў Більга, нявольніца Рахелі, пачала, і нарадзіла Якубу другога сына.
8 І сказала Рахель: «Ваяваньнем Божым ваявала я зь сястрою сваёй, і перамагла». І назвала яго Нэфталі.
9 А Лія, чуючы, што перастала нараджаць, узяла нявольніцу сваю, Зільпу, і дала яе за жонку Якубу.
10 І тая нарадзіла Якубу сына.
11 І сказала Лія: «Шчасьце!» І дзеля таго дала яму імя Гад.
12 Нарадзіла таксама Зільпа, нявольніца Ліі, другога сына Якубу.
13 І сказала Лія: «На шчасьце маё! Шчасьлівай мяне назавуць жанчыны». Таму назвала яго Асэр.
14 І выйшаў аднойчы Рубэн на поле ў час жніва пшаніцы, і знайшоў мандрагоры, і прынёс іх Ліі, маці сваёй. Тады Рахель сказала: «Дай мне мандрагоры твайго сына».
15 А Лія адказала на гэта: «Ня досыць табе, што ты мне мужа забрала, дык яшчэ хочаш забраць мандрагоры майго сына?» Рахель загаманіла: «Хай ён сьпіць з табой гэтай ночы за мандрагоры твайго сына».
16 І калі Якуб вяртаўся з поля вечарам, Лія пераняла яго і сказала: «Прыйдзі да мяне, бо я купіла цябе за мандрагоры майго сына». І ён спаў зь ёй у гэтую ноч.
17 І выслухаў Бог Лію, і яна пачала, і нарадзіла Якубу пятага сына,
18 і сказала: «Даў мне Бог заплату, бо я дала мужу свайму сваю нявольніцу». І назвала яго імем Ісахар.
19 І зноў Лія пачала, і нарадзіла Якубу шостага сына,
20 і сказала: «Надарыў мяне Бог добрым падарункам, гэтым разам уганараваў мяне муж мой тым, што нарадзіла яму шэсьць сыноў». І таму назвала яго імем Забулён.
21 Наастатак нарадзіла дачку імем Дзіна.
22 І прыпомніў Бог таксама Рахелю, і выслухаў яе, і адкрыў улоньне яе.
23 І яна пачала, і нарадзіла сына, і сказала: «Зьняў зь мяне Бог ганьбу маю».
24 І назвала імя яго Язэп, і сказала: «Хай дасьць мне Госпад яшчэ аднаго сына!»
25 Калі Рахель нарадзіла Язэпа, Якуб сказаў Лябану: «Адпусьці мяне, бо хачу вярнуцца на бацькаўшчыну, у зямлю сваю.
26 Дай мне жонак і дзяцей маіх, за каторых я служыў табе, бо хачу вярнуцца. Ты ведаеш добра, як я табе служыў».
27 Кажа яму Лябан: «О, каб я знайшоў ласку на віду ў цябе! Я пераканаўся, што Госпад дабраславіў мне дзеля цябе.
28 Устанаві, якую заплату маю даць табе».
29 А ён кажа Лябану: «Ты сам ведаеш, як верна я служыў табе, і як разрасталіся твае стады дзякуючы рукам маім.
30 Ня многа ты меў, калі я да цябе прыбыў, а цяпер павялічылася вельмі маёмасьць твая, дабраславіў бо табе Госпад з прыходам маім. А цяпер я хачу паклапаціцца і пра сваю сям'ю».
31 На гэта Лябан сказаў: «Што маю табе даць?» А ён адказаў: «Нічога мне не давай! Калі споўніш, пра што цябе папрашу, то зноў буду пасьвіць і берагчы твае стады.
32 Я прайду сягоньня па ўсіх стадах авечак тваіх; і аддзялю зь іх усякую жывёліну крапкаваную і пярэстую, усякую жывёліну чорную з авец, а такжа з плямамі і кропкамі з козаў, і гэта будзе маёй заплатай.
33 Пераканае цябе заўтра мая справядлівасьць: калі прыйдзеш, каб праверыць заплату маю, усё, што ня будзе крапкаванае і пярэстае ў козах і чорнае ў авечак, можаш уважаць за скрадзенае мною».
34 І сказаў Лябан: «Добра, хай будзе, як просіш!»
35 І яшчэ ў той самы дзень аддзяліў Лябан усіх крапкаваных казлоў і ўсіх козаў крапкаваных і пярэстых, усіх, каторыя мелі крыху воўны белай, а таксама чорныя авечкі, і даў іх сваім сынам.
36 І вызначыў ён адлегласьць, якую трэба было прайсьці на працягу трох дзён, паміж сабой і Якубам, які пасьвіў рэшту авечак Лябана.
37 А Якуб назьбіраў зялёных пруткоў тапалёвых, мігдалевых і яворавых, і выразаў на іх белыя палосы, зьняўшы кару да белага, каторае на прутах,
38 і так нарэзаныя пруты прымацаваў да карытаў з вадой, пры вадапоях, каб іх бачылі стады, каторыя прыходзілі піць ваду. І калі жывёлы прыходзілі піць ваду, парыліся.
39 І так парыліся жывёліны са стадаў перад тымі прутамі, і радзілася жывёла пярэстая, з кропкамі і плямамі.
40 І аддзяляў Якуб авечак белых, і гнаў іх наперадзе перад чорнымі і пярэстымі, як стады Лябана, а для сябе трымаў стады асобна, ня лучачы іх са стадамі Лябана.
41 І пры гэтым Якуб клаў тыя панарэзаныя галіны на відомым месцы пры вадапоях толькі тады, калі мелі парыцца асобнікі моцныя.
42 Калі ж авечкі былі слабыя, прутоў ня клаў. Такім чынам жывёлу слабую атрымаў Лябан, а моцную — Якуб.
43 І так Якуб стаўся чалавекам дужа багатым; і меў ён многа стадаў, слугаў і нявольніцаў, вярблюдаў і аслоў.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Роду, 30 глава. Пераклад Чарняўскага 2002

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.

ПОЖЕРТВОВАТЬ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Комментарии Скоуфилда
  9. Ветхий Завет сегодня


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.