1 Чалавек жа пазнаў жонку сваю Эву, і яна пачала, і нарадзіла Каіна, і сказала: «Нарадзіла мужчыну з волі Госпада».
2 А потым нарадзіла брата яго Абеля. Абель быў пастухом авец, а Каін — земляробам.
3 Калі па нейкім часе Каін складаў Госпаду ахвяру з пладоў зямлі і рук сваіх,
4 Абель складаў таксама зь пяршынаў статку свайго і зь іх тлустасьці, і Госпад узглянуў на Абеля і дар ягоны,
5 а на Каіна і дар ягоны ня ўзглянуў. Моцна ўзлаваўся Каін і панурым стаўся воблік яго.
6 І сказаў Госпад яму: «Чаго злуешся і чаго крывіцца воблік твой?
7 Калі б ты рабіў добрае, меў бы воблік спагадны; калі ж ня будзеш рабіць добрае, грэх цікуе ў дзьвярах і лашчыцца да цябе, а ты павінен панаваць над ім».
8 І сказаў Каін Абелю, брату свайму: «Хадзем у поле». А калі яны былі ў полі, Каін кінуўся на брата свайго Абеля і забіў яго.
9 Тады Бог спытаўся ў Каіна: «Дзе брат твой, Абель?» Ён адказаў: «Ня ведаю. Ці ж я стораж брата свайго?»
10 І сказаў Бог: «Што ты зрабіў? Голас крыві брата твайго кліча да Мяне з поля.
11 Дык цяпер будзь пракляты на той ральлі, каторая адкрыла вусны свае прыняць кроў брата твайго з рук тваіх!
12 Калі гэтую зямлю абрабляць будзеш, ня дасьць яна ўжо больш ураджаю. Выгнанцам і ўцекачом будзеш на зямлі!»
13 І сказаў Каін Госпаду: «Надта вялікая кара мая, каб я мог яе зьнесьці.
14 Калі мяне сёньня выганіш з гэтай зямлі, і ад аблічча Твайго схаваюся і буду бадзякай і ўцекачом на зямлі, дык кожны, хто напаткае мяне, заб'е мяне».
15 І сказаў яму Госпад: «Гэтак ня будзе, але кожны, хто забіў бы Каіна, — у сем разоў больш будзе пакараны!» І палажыў Госпад Каіну знак, каб не забіваў яго, хто-колечы сустрэне яго.
16 Пасьля Каін адышоў ад аблічча Госпада і пасяліўся ў зямлі Нод, на ўсход ад Эдэну.
17 І пазнаў вось Каін жонку сваю, і яна пачала, і нарадзіла Геноха. І пабудаваў (Каін) горад і назваў яго ад імя свайго сына — Генох.
18 Генох быў бацькам Ірада, а Ірад быў бацькам Мэвіяэля, а Мэвіяэль быў бацькам Мэтушаэля, а Мэтушаэль быў бацькам Лямеха.
19 Лямех узяў сабе дзьве жонкі. Імя адной — Ада, а другой — Цыля.
20 Ада нарадзіла Ябэля; гэта ён быў прабацькам пражываючых у палатках і пастухоў.
21 Брат ягоны называўся Юбаль; гэта ад яго вядуцца ўсе граючыя на гусьлях і на флейце.
22 А Цыля нарадзіла Тубаль-Каіна; ён быў кавалём, што рабіў усе прылады зь медзі і жалеза. Сястрой Тубаль-Каіна была Наэма.
23 Лямех сказаў сваім жонкам: «Ада і Цыля, паслухайце, што я скажу! Жоны Лямеха, уважце на словы мае! Забіў я чалавека за рану сваю і юнака за скалячэньне сваё.
24 У сем разоў больш павінна быць адпомшчана за Каіна. А за Лямеха — у семдзесят сем».
25 І пазнаў зноў Адам жонку сваю, і яна нарадзіла сына, і назвала імя яго Сэт, кажучы: «Даў мне Бог патомка іншага ў замену за Абеля, каторага забіў Каін».
26 А Сэту нарадзіўся сын, каторага той назваў Энош. Тады пачалі прызываць імя Госпада.