1 А Сарай, жонка Абрама, не нарадзіла яму дзяцей, але мела яна нявольніцу Эгіпцянку імем Агар.
2 І сказала яна мужу свайму: «Вось, зачыніў Госпад мне ўлоньне, каб я не радзіла; дык увайдзі да служанкі маёй, можа зь яе атрымаю дзяцей». І Абрам паслухаў рады Сарай.
3 І Сарай, жонка Абрама, узяла служанку Агар, Эгіпцянку, і дала яе за жонку мужу свайму Абраму, калі ўжо мінула дзесяць гадоў, як Абрам пасяліўся ў зямлі Ханаан.
4 І Абрам уваходзіў да Агары, і яна пачала. Але ўбачыўшы, што пачала, яна стала пагарджаць гаспадыняй сваёй.
5 Тады сказала Сарай Абраму: «Крыўдзіш ты мяне; я табе дала служанку маю на ўлоньне тваё, і яна, чуючыся, што пачала, ганьбуе мною. Хай Госпад будзе судзьдзёю між мною і табой».
6 Абрам ёй адказаў: «Ведаеш, служанка твая ў рукох тваіх, зрабі зь ёй, як табе падабаецца». Сарай тады стала ўпакараць яе, і яна ўцякла ад яе.
7 Калі Анёл Госпадаў знайшоў яе каля крыніцы вады ў пустыні, пры крыніцы пры дарозе на Цур,
8 спытаўся ў яе: «Агар, нявольніца Сарай, адкуль ты прыйшла і куды ідзеш?» Яна адказала: «Я ўцякаю ад пані сваёй Сарай».
9 Сказаў ёй Анёл Госпадаў: «Вярніся да пані сваёй і пакорна падпарадкуйся ёй».
10 І Анёл Госпадаў паведаміў ёй: «Багата размножу патомства тваё, нельга будзе зьлічыць яго дзеля вялікасьці».
11 І далей сказаў ёй Анёл Госпадаў: «Вось, ты пачала і народзіш сына, і назавеш яго імем Ізмаэль, таму што Госпад пачуў пра гора тваё.
12 Ён будзе чалавекам, падобным да дзікага асла, будзе ён ваяваць супраць усіх, і ўсе — супраць яго; і будзе ён ставіць палаткі ва ўсіх акругах братоў сваіх».
13 І (Агар) назвала Госпада, прамаўляючага да яе: «Ты Бог, Каторы бачыш мяне». І сказала яна: «Напэўна бачыла я тут Таго, Хто бачыць мяне».
14 Дзеля таго студню гэтую назвалі Бээр-Ляхай-Рой. Яна паміж Кадэшам і Барэдам.
15 І нарадзіла Агар Абраму сына. І Абрам назваў народжанага яму Агарай сына імем Ізмаэль.
16 Абрам меў восемдзесят шэсьць гадоў, калі Агар нарадзіла яму Ізмаэля.