1 У час Амрафэля, караля Шынэару, і Арыёха, караля Эльлясару, і Кедор-Ляга-мэра, караля Эляму, і Тыдаля, караля паганскага,
2 пачалі яны вайну супраць Бэры, караля Садомы, і супраць Біршы, караля Гаморы, і супраць Шынаба, караля Адамы, і супраць Шэмэбэра, караля Цэбоіма, і супраць караля Бэлы, або Цаару.
3 Гэтыя апошнія каралі прымірыліся між сабой у лагчыне Сідзьдзім, дзе сягоньня Салёнае Мора.
4 Дванаццаць гадоў служылі яны Кедор-Лягамэру, а ў трынаццатым годзе паднялі бунт.
5 А ў чатырнаццатым годзе прыйшоў Кедор-Лягамэр і іншыя каралі зь ім разам і пабілі Рэфаімаў у Аштэрот-Карнаіме, і Зузімаў у Гаме, і Эмімаў у Шавэ-Кірыятаіме,
6 і Харэяў у гарах Сэір аж да Эль-Парану, што ў пустыні.
7 І, вярнуўшыся адтуль, яны прыйшлі да Эн-Мішпату, значыць Кадэш, і пабілі Амалекцаў на ўсёй іхняй зямлі, а таксама Амарэйцаў, пражываючых у Хацанон-Тамары.
8 Тады каралі Садомы і Гаморы, кароль Адамы і кароль Цэбоіма, а таксама і кароль Бэлы або Цаару выступілі і ўшыкаваліся ў лагчыне Сідзьдзім да бою
9 з Кедор-Лягамэрам, каралём Эляму, і Тыдалем, каралём паганскім, і Амрафэлем, каралём Шынэару, і Арыёхам, каралём Эльлясару; чатыры каралі супраць пяці.
10 Лагчына ж Сідзьдзім мела многа смалавых ямаў. І вось каралі Садомы і Гаморы кінуліся ўцякаць і схаваліся ў тых ямах, а астатнія ўцяклі ў горы.
11 А пераможцы ўзялі ўсю маёмасьць Садомы і Гаморы і ўсе запасы харчоў і пайшлі.
12 Узялі яны таксама Лёта, сына брата Абрама, каторы жыў у Садоме, і маёмасьць яго.
13 А адзін з ацалеўшых прыбыў і паведаміў Абраму, Гебраю, каторы жыў каля дубровы нейкага Амарэйца, імем Мамрэ, брата Эшколя і брата Анэра, якія заключылі запавет з Абрамам.
14 Калі даведаўся Абрам, што ягоны брат Лёт у палоне, сабраў спасярод слугаў сваіх трыста васемнаццаць найбольш спраўных мужчынаў і пусьціўся ў пагоню аж пад Дан.
15 І, падзяліўшы сваіх людзей на дружыны, ноччу кінуўся на ворагаў і разьбіў іх, і гнаў іх аж да Гобы, што налева ад Дамашку.
16 І вярнуў ён усю маёмасьць, а таксама брата свайго Лёта зь ягонай маёмасьцю, жанчын і слугаў.
17 Калі Абрам па перамозе над Кедор-Лягамэрам і каралямі, каторыя зь ім былі, вяртаўся, пераняў яго ў лагчыне Шавэ, або Каралеўскай кароль Садомы.
18 А Мэльхісэдэк, кароль Салему, прынёс хлеб і віно, бо быў сьвятаром Бога Ўзвышняга,
19 і дабраславіў яго, і сказаў: «Хай будзе дабраслаўлены Абрам Богам Узвышнім, Каторы стварыў неба і зямлю.
20 Хай будзе дабраслаўлены Бог Узвышні, Каторы аддаў у рукі твае ворагаў тваіх». І даў яму (Абрам) дзесятую частку з усяго.
21 А кароль Садомы сказаў Абраму: «Аддай мне людзей, а маёмасьць вазьмі сабе».
22 Абрам адказаў каралю Садомы: «Падымаю руку сваю да Госпада, Бога Ўзвышняга, Творцы неба і зямлі,
23 што ані ніткі, ані раменьчыка ад сандалаў, нічога не вазьму з усяго таго, што табе належыцца, каб ты пасьля не казаў: «Гэта я ўзбагаціў Абрама»,
24 за выняткам таго, што пайшло на пракармленьне юнакоў, ды апроч часткі здабытай маёмасьці для тых, каторыя хадзілі са мною, — для Анэра, Эшколя і Мамрэ; хай яны возьмуць найлепшыя іх часткі».