1 І паклікаў вось Якуб сыноў сваіх, і сказаў ім: «Зьбярыцеся, каб расказаць вам, што чакае вас у пазьнейшых часах.
2 Зьбярыцеся і паслухайце, сыны Якуба, паслухайце бацькі вашага, Ізраэля!
3 Рубэн, першародны мой, ты — моц мая і пачатак сілы маёй; першы па дастойнасьці, старэйшы па сіле!
4 Пенячыся, як вада, ня будзеш першынстваваць, бо ты ўвайшоў у ложак бацькі свайго і апаганіў пасьцель маю.
5 Сымон і Леві — браты, начыньне гвалту зброя іхняя.
6 У іхнюю нараду ня ўвойдзе душа мая, і ў сабраньні іхнім хай ня будзе славы маёй, бо ў шале сваім забілі яны чалавека і ў свавольлі сваёй падрэзалі жылы быкоў.
7 Праклятая лютасьць іхняя, бо ўпорыстая, і заядласьць іхняя, бо тупая! Падзялю іх у Якубе і раскіну іх у Ізраэлю.
8 Юда, цябе будуць хваліць браты твае, твая рука на карках ворагаў тваіх; будуць пакланяцца табе сыны бацькі твайго.
9 Юда — малады леў, сын мой, ад здабычы падняўся ты, адпачыць лёг, як леў, і быццам львіца, і хто настрашыць яго?
10 Ня будзе аднята бэрла ад Юды, і кій пастыра — з-пад ног ягоных, пакуль ня прыйдзе Той, чыім яно ёсьць, і Каму скорацца народы.
11 Прывязваючы да вінаградніка асьлянятка сваё і да ўшчэпу вінаграднага сына асьліцы сваёй, памые ў віне адзеньне сваё ды ў крыві вінаграду плашч свой.
12 Пацямнеюць вочы яго ад віна, і зубы яго стануць бялейшыя ад малака.
13 Забулён на беразе мора жыць будзе і ў прыстані караблёў, пашыраючыся аж да Сідону.
14 Ісахар — асёл дужы, што ляжыць паміж загарадаў.
15 Ён бачыць, што супачынак добры і што зямля найлепшая; і падстаўляе плячо сваё да нашэньня, стаўшыся слугою падняволеным.
16 Дан будзе судзіць народ свой як адно з пакаленьняў Ізраэля.
17 Дан станецца зьмяёю на дарозе, гадзінай на сьцежцы, што кусае ногі каня, каб коньнік ягоны падаў назад.
18 Чакаць буду, Госпадзе, збаўленьня Твайго!
19 Гад — разбойнікі будуць нападаць на яго, а ён будзе наступаць ім на пяты.
20 Асэр — сыты хлеб ягоны, і ён будзе ўдзяляць раскошы каралеўскія.
21 Нэфталі — ланя на свабодзе, што дае прыгожыя рогі.
22 Язэп — урадлівае дрэва, урадлівае дрэва над крыніцаю: галінкі яго выстаюць па-за мурам.
23 Але дражнілі яго і сварыліся, і праціўныя яму былі тыя, каторыя маюць стрэлы.
24 Ды зламаўся лук іхні, і аслаблі мышцы плечаў іхніх дзякуючы рукам Усемагутнага Якуба, дзеля імя Пастыра, Каменя Ізраэля.
25 Бог бацькі твайго будзе ўспамогай тваёй, і Ўсемагутны будзе дабраславіць табе дабраславенствамі нябеснымі з гары, дабраславенствам бездані, што ляжыць унізе, багаславенствам грудзей і ўлоньня.
26 Дабраславенствы бацькі твайго, узмацаваныя па-над дабраславенствы гораў адвечных і па-над пажаданьні ўзгоркаў спрадвечных, хай сплывуць на галаву Язэпу і на верх галавы выбранца між братоў сваіх.
27 Бэн'ямін — воўк драпежны, штораньня будзе есьці здабычу, а вечарам дзяліць здабытае».
28 Усе яны — гэта дванаццаць пакаленьняў Ізраэля. Вось гэта сказаў ім бацька іхні і дабраславіў кожнага паасобку асабістымі дабраславенствамі.
29 А потым даў ім загад у гэтыя словы: «Я далучаюся да народу свайго; дык пахавайце мяне з бацькамі маімі ў пячоры Махпэля, каторая знаходзіцца на полі Эфрона Гетыта,
30 насупраць Мамрэ, у зямлі Ханаан, каторую купіў Абрагам з полем ад Эфрона Гетыта як магілу на ўласнасьць на пахаваньне памёршых.
31 Там пахавалі яго (Абрагама) і жонку яго, Сару, там пахаваны Ізаак з Рэбэкай, жонкай сваёй, там і Лія ляжыць пахаваная.
32 Поле і пячора, каторая на ім, набытая ў сыноў Гета».
33 І па заканчэньні даручэньняў сынам сваім, палажыў ён ногі свае на ложку і сканаў, і быў далучаны да народу свайго.