1 Пасьля дабраславіў Бог Ноя і сыноў ягоных, і сказаў ім: «Пладзіцеся і размнажайцеся, і залюдняйце зямлю.
2 Хай усе жывёлы, зьвяры зямныя і ўсе птушкі паднебныя з усімі тымі, што рухаюцца па зямлі, усе рыбы марскія баяцца вас і дрыжаць перад вамі, бо яны аддадзеныя ў рукі вашыя.
3 Усё, што рухаецца і што жыве, хай будзе вам на яду, як расьліны зямныя, усё даю вам.
4 Толькі цела з душою яго, гэта значыць з крывёю ягонай, ня ешце.
5 Запатрабую вось кроў жыцьцяў вашых ад усіх зьвяроў, і ад чалавека, ад кожнага брата ягонага запатрабую (адказнасьці за) жыцьцё чалавека.
6 Хто праліе кроў чалавечую, і таго будзе праліта кроў рукою чалавека, бо чалавек створаны на вобраз Божы.
7 А вы пладзіцеся і размнажайцеся, залюдняйце зямлю і валодайце ёю».
8 Вось што яшчэ сказаў Бог Ною і сынам ягоным:
9 «Я вось заключаю запавет Мой з вамі і з патомствам вашым пасьля вас
10 ды з усякаю істотаю жывою, каторая з вамі: з птушкамі, з жывёламі хатнімі і палявымі, якія пры вас, з усімі, каторыя выйшлі з каўчэгу, з усякімі зьвярамі на зямлі.
11 Я заключаю запавет з вамі так, што ўжо болей ніколі ня будзе зьнішчана ніводная істота жывая водамі патопу і ўжо ніколі ня будзе патопу, што нішчыць зямлю».
12 І далей казаў Бог: «А гэта знак запавету, які Я заключаю з вамі і кожнай істотай жывой, якая з вамі, на вечныя часы.
13 Вясёлку Маю кладу на хмарах, яна будзе знакам запавету паміж Мною і паміж зямлёю.
14 Калі расьцягну воблакі над зямлёю і калі пакажацца вясёлка на воблаках,
15 тады ўспомню на Мой запавет, які заключыў з вамі і ўсякаю жывой істотай, з кожным чалавекам, і ня будзе ўжо ніколі водаў патопу на гібель якога-колечы жывуна.
16 Калі будзе гэтая вясёлка на воблаках, гледзячы на яе, Я ўспомню на вечны запавет між Мною і ўсякімі жывунамі ў кожным целе, каторае ёсьць на зямлі».
17 І сказаў Бог Ною: «Гэта будзе знак запавету, які Я заключыў між Мною і ўсімі жывунамі, якія на зямлі».
18 Сынамі Ноя, каторыя выйшлі з каўчэгу, былі: Сэм, Хам і Яфэт. Хам быў бацькам Ханаана.
19 Гэтыя тры былі сынамі Ноя, і ад іх залюднілася ўся зямля.
20 Ной быў земляробам, і ён пасадзіў вінаграднік.
21 П'ючы віно, ён ап'янеў і ляжаў голы ў сваёй палатцы.
22 Хам, бацька Ханаана, убачыўшы голасць бацькі свайго, сказаў аб гэтым двум сваім братам, каторыя былі па-за палаткай.
23 Тады Сэм і Яфэт узялі плашч і, трымаючы на плячох сваіх, пайшлі задам і накрылі голасць бацькі свайго; твары іх былі зьвернуты назад, і яны ня бачылі голасці бацькі свайго.
24 Ной, прачнуўшыся па ап'яненьні ад віна і даведаўшыся, што яму зрабіў наймалодшы сын,
25 сказаў: «Пракляты Ханаан! Хай будзе ён слугою слугаў у братоў сваіх».
26 Потым сказаў: «Багаслаўлены Госпад, Бог Сэма! Хай Ханаан будзе ягоным слугою.
27 Хай распаўсюдзіць Бог Яфэта. І хай ён пражывае ў палатках Сэма, і хай Ханаан будзе яго слугою».
28 І жыў Ной па патопе трыста пяцьдзесят гадоў.
29 Усіх жа дзён Ноя было дзевяцьсот пяцьдзесят гадоў, і ён памёр.