1 Якуб таксама падаўся ў дарогу, якую распачаў, і перанялі яго анёлы Божыя.
2 Калі ён убачыў іх, сказаў: «Гэта табар Божы», і гэтае месца назваў Маханаім.
3 І паслаў ён перад сабой пасланцоў да Эзава, брата свайго, у зямлю Сэір, у мясцовасьць Эдом.
4 І загадаў ён ім: «Так скажыце гаспадару майму Эзаву: Гэта кажа слуга твой Якуб: Быў я аж да сёньняшняга дня ў Лябана.
5 Маю валоў, аслоў, авечак, слугаў і служанак. І пасылаю вось пасланцоў да гаспадара майго, каб знайсьці ласку перад воблікам тваім».
6 І вярнуліся пасланцы да Якуба, і сказалі: «Прыбылі мы да Эзава, брата твайго, а вось жа ён сьпяшаецца на спатканьне табе з чатырмастамі людзей».
7 І спалохаўся вельмі Якуб, і, напужаны, падзяліў народ, які зь ім быў, і стады таксама, і авечак, і валоў, і вярблюдаў на два табары.
8 І казаў: «Калі Эзаў нападзе на адзін табар і паб'е, то другі, каторы застанецца, будзе ўратаваны».
9 І маліўся Якуб: «Бог бацькі майго Абрагама і Бог бацькі майго Ізаака, Госпадзе, Ты сказаў мне: «Вярніся ў зямлю сваю, у месца нараджэньня свайго, і Я буду апякавацца табою!»
10 Ня варты я ўсякай міласьцівасьці і вернасьці ўсякай, якою акружаеш Ты слугу Свайго. З палкаю сваёй я перайшоў Ярдан гэты, а цяпер вяртаюся з двума табарамі.
11 Ухавай мяне ад рукі брата майго, ад рукі Эзава, бо я напалоханы, каб часам, напаўшы, не забіў ён матак зь дзяцьмі.
12 А Ты казаў, што будзеш аказваць мне дабро і зробіш патомства маё, як пясок марскі, які дзеля вялікасьці ня можа быць палічаны».
13 І прачакаў ён там тую ноч, і ўзяў з усяго таго, што меў, дары Эзаву, брату свайму:
14 дзьвесьце козаў і дваццаць казлоў, дзьвесьце авечак і дваццаць бараноў,
15 трыццаць дойных вярблюдзіцаў разам зь вярблюдзянятамі, сорак кароў і дзесяць быкоў, дваццаць асьліцаў і дзесяць асьлянятаў,
16 і аддаў слугам сваім кожнае са статкаў, кажучы: «Будзеце ісьці перада мной у водпустах паміж кожным статкам».
17 І загадаў ён тым, што ішлі наперадзе, кажучы: «Калі спаткаеш брата майго Эзава, і ён запытае цябе: «Чый ты і куды ідзеш?» і «Чыё гэта, што ідзе за табой?»,
18 то ты адкажаш: слугі твайго Якуба. Ён паслаў дары гаспадару свайму Эзаву, і ён ідзе за намі.
19 Падобны загад даў і другому, і трэцяму, ды ўсім, каторыя ішлі за стадамі, кажучы: «Падобнымі словамі кажыце Эзаву, калі спаткаеце яго,
20 і дадасьцё: І ён, слуга твой Якуб, ідзе дарогаю за намі». І казаў ён: «Умалю яго дарамі, якія мяне папераджаюць, а потым сам спаткаюся зь ім; можа даруе мне».
21 Так вось папераджалі яго дары, а ён сам застаўся ў тую ноч у табары.
22 А калі ўстаў нараніцы, узяў дзьве жонкі свае і дзьве іх нявольніцы з адзінаццацьцю дзяцьмі і пераправіўся праз брод ручая Ябок.
23 І ўзяў і пераправіў іх, і ўсё, што да яго належала, праз ручай.
24 І застаўся ён сам адзін. І вось Нехта змагаўся зь ім аж да раніцы.
25 І калі Той убачыў, што ня можа яго (Якуба) перамагчы, дакрануўся састава сьцягна яго, і пашкодзіў састаў сьцягна ў Якуба, калі ён дужаўся зь Ім.
26 І сказаў Той: «Пусьці Мяне, бо ўжо ўзыйшла зараніца». Якуб адказаў: «Не пушчу Цябе, пакуль не дабраславіш мяне».
27 Той кажа яму: «Якое імя тваё?» Адказвае: «Якуб».
28 Той кажа: «Ніколі ўжо больш ня будзе называцца імя тваё Якуб, але Ізраэль, бо змагаўся ты з Богам і зь людзьмі, і перамог!»
29 І запытаўся ў Яго Якуб: «Скажы мне, якім імем называешся?» Адказаў: «Чаму пытаешся пра імя Маё?» І дабраславіў яго ў тым самым месцы.
30 І Якуб назваў тое месца імем Пэнуэль, кажучы: «Бачыў я Бога тварам ў твар, але зьбярог сваё жыцьцё».
31 І сонца было ўжо ўзыйшоўшы, калі ён праходзіў Пэнуэль. А ён накульгваў на сьцягно сваё.
32 Дзеля гэтае прычыны сыны Ізраэля не ядуць жылы, каторыя на сьцягне, аж да сягоньняшняга дня, таму што Той, Каторы змагаўся, закрануў жылы сьцягна Якуба.