1 І пражываў Якуб у зямлі Ханаан, па катораў вандраваў бацька яго.
2 Вось дзеі патомкаў Якуба. Язэп, сямнаццацігадовы юнак, разам са сваімі братамі, сынамі жонак яго бацькі Більгі і Зільпы, пасьвіў статак. І паведамляў ён бацьку благое пра гэтых сыноў.
3 А Ізраэль любіў Язэпа болей за ўсіх сыноў сваіх, таму што заімеў яго ў старасьці, і справіў яму доўгую шату.
4 І браты яго, бачучы, што бацька любіць яго болей за ўсіх другіх, зьненавідзелі яго і не маглі зь ім спакойна гаварыць.
5 І здарылася таксама, што ён расказаў братам сваім бачаны сон, і было гэта прычынай яшчэ большай нянавісьці.
6 Ён казаў ім: «Паслухайце сна майго, што я бачыў:
7 Сьнілася мне, што мы вязалі снапы на полі, і тады сноп мой падняўся і стаў, а вашыя снапы акружылі яго і пакланіліся яму».
8 І сказалі яму браты: «Ці ж меў бы ты як кароль панаваць над намі і валодаць намі, як валадар?» І яшчэ горш яго зьненавідзелі з прычыны яго сноў і словаў.
9 А потым меў ён яшчэ іншы сон, і так расказваў яго братам сваім: «Сьнілася мне яшчэ, што сонца і месяц, і адзінаццаць зорак кланяліся мне».
10 А калі гэта расказваў бацьку і братам, бацька пасварыўся на яго, кажучы: «Што меў бы значыць гэты сон? Ці ж я і маці твая, і браты твае мелі б прыйсьці да цябе і пакланіцца табе аж да зямлі?»
11 Дык браты зайздросьцілі яму, а бацька застанаўляўся моўчкі.
12 І калі ягоныя браты, пасучы стады, прабывалі ў Сыхеме,
13 сказаў Ізраэль Язэпу: «Браты твае пасуць авечкі ў Сыхеме, хадзі, пашлю цябе да іх». А ён адказаў: «Я гатовы».
14 І сказаў ён яму: «Схадзі і паглядзі, ці ўсё ў парадку ў братоў тваіх з жывёламі, і раскажы мне, што чуваць». І паслаў яго з даліны Геброну, і прыбыў ён у Сыхем.
15 І вось напаткаў яго, калі ён блукаў па полі, адзін чалавек, і запытаў яго, што шукае.
16 А ён адказаў: «Братоў сваіх шукаю. Скажы мне, дзе яны пасуць статак?»
17 І сказаў яму тады чалавек: «Перайшлі яны з гэтага месца. Чуў, як казалі яны: Хадзем у Датаін». І падаўся Язэп да братоў сваіх, і знайшоў іх у Датаіне.
18 Калі яны яго ўбачылі яшчэ здалёку, пакуль прыйшоў да іх, надумаліся яго забіць.
19 І гаварылі адзін аднаму: «Вось снавідзец ідзе,
20 хадзем, заб'ем яго і ўкінем у студню, і скажам, што дзікі зьвер яго зьеў. І тады пабачым, ці дапамогуць яму сны ягоныя».
21 Чуючы гэта, Рубэн стараўся вызваліць яго з рук іхніх, і сказаў: «Ня будзем забіваць яго».
22 І сказаў далей: «Не пралівайце крыві, але ўкіньце яго ў гэтую студню, каторая ёсьць на пустыні, і рукі свае захаваеце нявіннымі». Гэтак казаў, хочучы вырваць яго з рук іхніх і вярнуць бацьку ягонаму.
23 І калі прыйшоў Язэп да братоў сваіх, зараз жа зьнялі зь яго доўгую шату,
24 і ўкінулі яго ў студню, каторая была без вады.
25 І селі яны, каб пасілкавацца, а калі паднялі вочы, убачылі купцоў Ізмаэльскіх, што ехалі з Гілеаду, і іхніх вярблюдаў, на каторых везьлі пахкія карэньні, жывіцу і пахкія алейкі ў Эгіпет.
26 Тады Юда сказаў сваім братам: «Што нам з таго, што заб'ём брата нашага і схаваем кроў ягоную?
27 Лепш прадаць яго Ізмаэльцам, і рукі нашыя не спаганім. Брат ён наш і цела наша». І згадзіліся браты на яго прапанову.
28 І калі купцы Мадыянскія ішлі паўзь іх, яны выцягнулі Язэпа са студні і прадалі яго Ізмаэльцам за дваццаць сярэбранікаў, а тыя павялі яго ў Эгіпет.
29 А калі Рубэн вярнуўся да студні і не знайшоў хлопца,
30 дык разарваў на сабе адзеньне і прыбег да братоў сваіх, і закрычаў: «Хлопца няма, а я, куды я пайду?»
31 І ўзялі яны тады адзежу яго, і памачылі ў кроў забітага казла,
32 і паслалі бацьку свайму, кажучы: «Вось што мы знайшлі. Паглядзі, можа гэта доўгая шата сына твайго?»
33 І калі пазнаў бацька яе, залямантаваў: «Гэта ж адзежа сына майго, дзікі зьвер разарваў Язэпа».
34 І разьдзёр ён адзеньне сваё, і надзеў зрэбніцу, і аплакваў сына свайго доўгі час.
35 І калі сабраліся ўсе дзеці ягоныя, каб суцішыць боль бацькі, ня слухаў пацехаў іхніх і казаў: «Са смуткам пайду за сынам у адхлань». І плакаў дзеля яго бацька яго.
36 А Мадыянцы прадалі Язэпа ў Эгіпце Патыфару, урадоўцу фараона, начальніку варты.