1 У два гады пазьней фараон бачыў сон. Здавалася яму, што стаіць ён над ракой.
2 Зь яе вось выйшла сем кароваў прыгожых і сытых, і яны пасьвіліся на балоцістым поплаве.
3 Таксама іншых сем кароваў, брыдкіх і худых, выйшла за імі з ракі і сталі на самым беразе ракі.
4 І пажэрлі яны гэтых сем прыгожых і сытых кароваў. І прачнуўся фараон,
5 ды зноў задрамаў і ўбачыў другі сон: На адным сьцябле вырасла сем каласоў поўных і прыгожых.
6 І столькі ж вырасла іншых каласоў, пустых і зьнішчаных усходнім ветрам,
7 і яны зьнішчылі ўсю прыгажосьць першых каласоў. Фараон прабудзіўся і зразумеў, што гэта толькі сон.
8 З надыходам раніцы, стрывожаны, паслаў ён па ўсіх варажбітоў Эгіпецкіх і па ўсіх мудрацоў сваіх. І сабраўшымся расказаў сон, але не было нікога, хто б выясьніў.
9 Тады нарэшце загадчык чашнікаў прыпомніў і сказаў: «Прызнаюся да грэху свайго.
10 Разгневаны кароль слугаў сваіх, мяне і загадчыка пекараў, загадаў пасадзіць у вязьніцу пад нагляд начальніка варты.
11 Там у адну ноч мы абодва бачылі сон, прадказаньне будучыні.
12 І быў там юнак Гебрай, слуга начальніка варты, катораму мы расказалі сны.
13 І сталася так, як ён нам іх выясьніў. Я вернуты да свайго абавязку, а ён павешаны пры дарозе».
14 Скора на загад караля быў зь вязьніцы прыведзены Язэп. Падстрыглі яго, зьмянілі адзежу і прадставілі яму.
15 І сказаў ён Язэпу: «Бачыў я сон, і няма нікога, хто б яго разгадаў. Чуў, што ты можаш сны наймудрэй вытлумачыць».
16 Язэп адказаў: «Не я, але Бог дасьць адказ фараону для дабра!»
17 І фараон расказаў, што бачыў: «Сьнілася мне, што я стаю на беразе ракі,
18 і раптам выйшлі з ракі сем кароваў прыгожых з выгляду і сытых целам, і пасьвіліся ў чароце.
19 І вось жа па гэтых выйшлі іншыя сем кароваў так непафарэмных і худых, што я ў Эгіпце такіх ніколі ня бачыў,
20 і яны зжэрлі і зьнішчылі першых,
21 але ня было на іх заўважна поўнасьці, але яны былі такія самыя худыя, як раней. Я прабудзіўся, і зноў сном замораны,
22 бачыў сон: Вырасла сем каласоў на адным сьцябле, поўных і прыгожых.
23 Але іншыя таксама сем каласоў, пустых і зьнішчаных сухім усходнім ветрам, вырасьлі за імі
24 і праглынулі прыгажосьць тых першых. Расказаў я сон варажбітам, але ніводзін зь іх ня змог вытлумачыць».
25 Язэп сказаў: «Сон караля адзін. Што мае стацца — Бог выявіў фараону.
26 Сем кароваў прыгожых і сем каласоў поўных — гэта сем гадоў ураджайных: яны адзін сэнс маюць.
27 А сем кароваў худых і брыдкіх, каторыя выйшлі за тымі, і сем каласоў пустых і зьнішчаных сухім ветрам — гэта сем гадоў будучага голаду.
28 Гэта такім парадкам споўніцца, як Бог выявіў фараону.
29 Вось жа пачынаецца сем гадоў надзвычай ураджайных ва ўсёй зямлі Эгіпту,
30 па каторых наступяць сем гадоў голаду страшнага, што ў няпамяць пойдзе ўся папярэдняя шчодрасьць. І ахопіць голад усю зямлю,
31 і вялікая ўраджайнасьць заменіцца ў вялікую нястачу.
32 А калі ты бачыў другі раз сон у той самай справе, гэта ёсьць моцным доказам, што тое, што Бог сказаў, у хуткім часе Богам будзе споўнена.
33 Дык хай цяпер прадбачыць валадар разумнага і мудрага чалавека і паставіць яго над зямлёй Эгіпецкай.
34 І хай паставіць ён наглядчыкаў на ўсе правінцыі, і пятую частку збораў зярна сем гадоў ураджайных,
35 каторыя ўжо цяпер надыйдуць, зьбірае ў гумны. Хай усё збожжа пад уладай фараона зьбіраецца і захоўваецца ў гарадах.
36 І прыгатуюцца гэтыя запасы для будучых сямёх гадоў голаду, які прыцісьне Эгіпет, і не загіне зямля дзеля нястачы».
37 І спадабалася гэтая парада фараону і ўсім яго слугам,
38 і фараон сказаў ім: «Ці ж можам мы знайсьці такога чалавека, як ён, поўнага духа Божага?»
39 І сказаў ён Язэпу: «Калі табе Бог аб'явіў усё, што ты сказаў, то ці магу знайсьці мудрэйшага, падобнага табе чалавека?
40 Ты будзеш над маім домам, і на загад вуснаў тваіх паслухаецца ўвесь мой народ. Адно толькі дастойнасьцю каралеўскай перавышаю цябе».
41 І дадаў фараон: «Вось я ўстанаўляю цябе над усёй зямлёй Эгіпту».
42 І зьняў фараон свой пярсьцёнак з пальца і ўзьдзеў яго на палец Язэпа, і загадаў адзець яго ў шаты з найчысьцейшага лёну, і павесіў яму на шыю залаты ланцуг.
43 І загадаў вазіць яго на другім сваім возе і клікаць перад ім «Абрэк!», і каб усе перад ім кленчылі і ведалі, што ён правіцель над усёй Эгіпецкай зямлёй.
44 І сказаў кароль Язэпу: «Я — фараон. Без тваёй волі ніхто не паварухне рукой або нагой ва ўсёй зямлі Эгіпту».
45 І замяніў імя яго, і назваў яго ў мове Эгіпецкай: Цафнат-Панэах, і даў яму за жонку Асэнат, дачку Патыфэра, сьвятара з Ону. І так Язэп стаў над усёй зямлёй Эгіпецкай.
46 Язэп меў трыццаць гадоў, калі стаў перад абліччам фараона, і аб'яжджаў ён усе правінцыі Эгіпту.
47 І прыйшоў ураджай сямі гадоў, і Язэп зьбіраў збожжа ў гумны ў Эгіпце,
48 награмаджаючы ў кожным горадзе ўраджай, сабраны ў акрузе.
49 І была такая многасьць пшаніцы, як пяску марскога, і запасы перавышалі меру.
50 І нарадзілася Язэпу два сыны перад тым, як настаў голад, якіх яму нарадзіла Асэнат, дачка Патыфэра, сьвятара з Ону.
51 Першародны быў названы імем Манаса, бо казаў (Язэп): «Даў мне Бог забыцца пра ўсе цяжкасьці мае і пра дом бацькі майго».
52 А другога назваў імем Эфраім, бо казаў: «Даў мне Бог расьці ў зямлі нядолі маёй».
53 Так прайшлі сем гадоў ураджайных, якія былі ў Эгіпце.
54 І надыходзілі сем гадоў нястачы, каторыя прадказаў Язэп, і на ўсім сьвеце запанаваў голад. Ва ўсёй жа зямлі Эгіпецкай быў хлеб.
55 І калі настаў голад, увесь народ зьвяртаўся да фараона, просячы хлеба. Ён жа ім адказаў: «Ідзіце да Язэпа, і што вам скажа, рабіце».
56 І нахлынуў голад на ўсю зямлю. І Язэп адкрыў усе гумны, і прадаваў хлеб Эгіпцянам, бо і іх прыжаў голад.
57 І ўсе правінцыі Эгіпецкія прыбывалі да Язэпа, каб купіць харчоў, бо голад лютаваў па ўсёй зямлі.