1 І ня мог Язэп больш апанаваць сябе ў прысутнасьці ўсіх, і закрычаў: «Выйдзеце ўсе адсюль!» І нікога не было зь ім, калі ён даўся пазнаць братам сваім.
2 І ў голас заплакаў ён, так, што чулі Эгіпцяне ды ўвесь дом фараона.
3 І вось сказаў Язэп братам сваім: «Я -Язэп! Ці жыве яшчэ бацька мой?» І не маглі адказаць яму браты дзеля вялікага страху.
4 Ён жа сказаў ім ласкава: «Падыйдзіце да мяне!» І калі падыйшлі блізка, сказаў: «Я- Язэп, брат ваш, каторага прадалі вы ў Эгіпет.
5 Не шкадуйце і хай не здаецца вам страшным, што мяне прадалі ў гэтую мясцовасьць. Для паратунку вашага паслаў мяне Бог перад вамі ў Эгіпет.
6 Два гады прайшло, як пачаўся голад на зямлі, а яшчэ застаецца пяць гадоў, у якіх нельга будзе ані араць, ані зьбіраць.
7 Раней паслаў мяне Бог, каб былі вы захаваныя на зямлі і каб выратаваць жыцьцё вашае збаўленьнем вялікім.
8 Не па вашаму рашэньню, але па волі Божай пасланы я сюды Тым, Хто зрабіў мяне як бы бацькам фараона і гаспадаром усяго дому ягонага, і князем на ўсю Эгіпецкую зямлю.
9 Сьпяшайцеся і ідзіце да бацькі майго, і скажыце яму: «Гэта загадвае сын твой Язэп: Бог учыніў мяне гаспадаром усёй зямлі Эгіпецкай. Прыходзь да мяне, каб не памёр (з голаду).
10 І абжывайся ў зямлі Гашэн. Будзеш блізка мяне і ты, і сыны твае, і дзеці сыноў тваіх, авечкі твае і статак твой, і ўсё, што маеш.
11 Там буду цябе карміць, бо яшчэ пяць гадоў голаду, каб не прапаў і ты, і дом твой ды ўсё, што маеш».
12 Вось жа вочы вашыя і вочы брата майго Бэн'яміна бачаць, што вусны мае гавораць да вас.
13 Раскажыце бацьку майму пра ўсю славу маю ў Эгіпце і пра ўсё, што вы бачылі. Сьпяшайцеся і прывядзіце яго да мяне».
14 І кінуўся ён на шыю брату свайму Бэн'яміну, і абняў яго, і плакаў, а ён таксама плакаў на яго шыі.
15 І цалаваў Язэп усіх братоў сваіх і плакаў над кожным. Тады толькі адважыліся гаварыць да яго.
16 І разыйшлася вестка ў палацы фараона: «Прыбылі браты Язэпа». І радаваўся фараон і ўвесь дом фараона.
17 І сказаў ён Язэпу, каб загадаў братам сваім: «Абладуйце жывёлу вашу збожжам і ідзіце ў зямлю вашу, у Ханаан,
18 і вазьміце адтуль бацьку вашага і радню, і прыбывайце да мяне, і я дам вам у Эгіпце ўсё, каб пражылі на зямлі.
19 Загадай такжа: Вазьміце вазы зь зямлі Эгіпецкай для перавозкі дзяцей вашых і жонак. І вазьміце бацьку вашага і сьпяшайцеся як найхутчэй прыбыць.
20 Не турбуйцеся дзеля прыладаў вашых, бо ўсякую дапамогу атрымаеце ў Эгіпце».
21 І сыны Ізраэля зрабілі ўсё, што ім было загадана. І даў ім Язэп вазы па загаду фараона і харчы, патрэбныя ў дарозе.
22 Па-за тым кожнаму зь іх падараваў вопратку на зьмену, Бэн'яміну ж даў трыста штук серабра і пяць адзеньняў на зьмену.
23 А свайму бацьку паслаў дзесяць аслоў, наладаваных найлепшымі пладамі Эгіпту, поруч дзесяць асьліцаў, абладаваных збожжам, хлебам і харчамі на дарогу.
24 І выпраўляючы братоў сваіх у дарогу, сказаў ім, калі ўжо адыходзілі: «Не сварыцеся ў дарозе!»
25 І яны, выбраўшыся з Эгіпту, прыбылі ў зямлю Ханаан да бацькі свайго Якуба,
26 і паведамілі яму: «Язэп жыве, і ён валадарыць над ўсёй Эгіпецкай зямлёю!» Але ў яго сэрца заставалася халодным, бо ён не паверыў ім.
27 Тады пераказалі яму ўсе словы, якія сказаў Язэп. І калі ўбачыў ён вазы і ўсё, што на прывозку яго прыслаў (Язэп), аджыў дух яго,
28 і ён сказаў: «Хопіць мне, калі яшчэ жыве Язэп, сын мой. Пайду і пабачу яго, перш чым памру».
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Роду, 45 глава. Пераклад Чарняўскага 2002

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.

ПОЖЕРТВОВАТЬ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Комментарии Скоуфилда
  9. Ветхий Завет сегодня


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.