1 Калі Ізаак састарэў, зацягнула вочы яму, і ён ня мог бачыць. І паклікаў ён сына свайго старэйшага, Эзава, і сказаў яму: «Сын мой!» Ён адказаў: «Вось я».
2 І бацька кажа яму: «Бачыш, што я састарэў, і ня ведаю дня сьмерці сваёй.
3 Дык вазьмі зброю сваю, сагайдак і лук, і ідзі ў поле. Калі на паляваньні што ўпалюеш,
4 прыгатуеш мне з таго страву, якую люблю, і прынясеш, каб я паеў, а я ад душы табе дабраслаўлю перш, чым памру».
5 А Рэбэка чула, як Ізаак гаварыў з сынам сваім, Эзавам. І пайшоў Эзаў у поле, каб упаляваць штосьці і прынесьці,
6 а Рэбэка сказала сыну свайму, Якубу: «Я вось чула, як бацька твой гаварыў з Эзавам, братам тваім, і казаў яму:
7 «Прынясі мне з паляваньня твайго і зрабі мне яду, каб я паеў, і я дабраслаўлю цябе перад Госпадам, перш, чым памру».
8 Дык цяпер, сын мой, слухай, што я табе скажу і што загадаю табе.
9 Пасьпяшы да статка і прынясі мне двух найлепшых казьлянятаў, а я зраблю зь іх бацьку твайму пасілак, які ён вельмі любіць.
10 Як прынясеш яго бацьку твайму, ён зьесьць і дабраславіць цябе, перш, чым памрэ».
11 Ён ёй адказаў: «Ведаеш жа, што брат мой, Эзаў, касматы чалавек, а я гладкі.
12 Калі памацае мяне бацька і пазнае, баюся, каб не падумаў, ён што я яго ашукваю, бо навяду тады на сябе праклён, а не дабраславенства».
13 Кажа яму маці: «Хай на мяне спадзе гэты праклён, сын мой, толькі паслухай, што я кажу, і пасьпяшы прынесьці, што я загадала».
14 І ён пайшоў, і прынёс, і аддаў маці. І прыгатавала яна ежу, як хацеў бацька ягоны,
15 і адзела яго ў самае добрае адзеньне Эзава, якое мела ў сябе дома.
16 А рукі яго абкруціла скуркамі казьлінымі, і таксама шыю закрыла.
17 І дала яна найлепшую страву і хлеб, які сьпякла, у рукі сына свайго, Якуба.
18 І ён, увайшоўшы да бацькі свайго, сказаў: «Бацька мой!» А той адказаў: «Слухаю. Хто ты, сын мой?»
19 Сказаў Якуб бацьку свайму: «Я Эзаў, першародны твой. Зрабіў я, як ты мне загадаў; уставай, сядзь і еш з упаляваньня майго, каб дабраславіла душа твая мяне».
20 І зноў азваўся Ізаак да сына свайго: «Як гэта так скора мог ты знайсьці дзічыну?» Ён адказаў: «Воля Госпада, Бога твайго, была, што гэта мне ўдалося».
21 Ізаак сказаў Якубу: «Хадзі бліжэй сюды, каб дакрануцца цябе, сын мой, і праверыць, ці ты — сын мой Эзаў, ці не?»
22 І падыйшоў ён да бацькі, а той, дакрануўшыся яго, сказаў: «Голас Якуба, але рукі, рукі Эзава».
23 І не пазнаў яго, бо касматыя рукі яго былі, як рукі старэйшага, і дабраславіў яго.
24 І спытаў яго: «Ці ты сын мой, Эзаў?» Той адказаў: «Я».
25 Кажа яму: «Прынясі мне, што ты ўпаляваў, сын мой, каб дабраславіла цябе душа мая». І прынёс яму, і ён спажыў, і даў яму таксама віно, і ён пакаштаваў.
26 І сказаў яму (Ізаак), бацька ягоны: «Хадзі да мяне і пацалуй мяне, сын мой».
27 Ён прыйшоў і пацалаваў яго. Адразу, як пачуў Ізаак пах адзеньня яго, дабраславіў яму: «Вось жа пах сына майго, як водар поля запоўненага, каторае пабагаславіў Госпад.
28 Хай дасьць табе Бог расу зь неба і шчодрасьць зямлі, і ўраджайнасьць збожжа і віна.
29 Хай служаць табе народы і пакланяюцца плямёны. Будзь гаспадаром над братамі тваімі, і хай даюць табе паклон сыны маткі тваёй! Кожны, хто будзе цябе дабраславіць, хай будзе дабраслаўлены».
30 Калі Ізаак кончыў дабраславіць Якуба, і Якуб выйшаў ад бацькі свайго, Ізаака, надыйшоў Эзаў, брат яго,
31 і прынёс звараную ежу з упаляваньня свайго, і сказаў бацьку: «Устань, айцец мой, і еш з упаляваньня сына твайго, каб дабраславіла мяне душа твая».
32 І сказаў яму бацька ягоны: «Хто ты?» Ён адказаў: «Я — сын твой першародны, Эзаў».
33 Ізаак стрывожыўся надта і спытаўся: «Дык хто ж гэта быў, што ўпаляваў дзічыну і прынёс мне, і я еў яе перш, чым ты вярнуўся, і дабраславіў яго? Дык жа гэта ён атрымаў дабраславенства!»
34 Калі Эзаў пачуў гэтыя словы бацькі свайго, заплакаў горка, і лямантаваў, і казаў бацьку: «Дай і мне дабраславенства, мой тата!»
35 Але Ізаак сказаў: «Прыйшоў падступна брат твой і забраў тваё дабраславенства!»
36 Тады сказаў Эзаў: «Справядліва назвалі імя яго Якуб! Двойчы мяне ашукаў: пазбавіў мяне першародзтва, а цяпер адабраў ад мяне дабраславенства!» І сказаў ён: «Ці не захаваў ты мне дабраславенства?»
37 Ізаак на гэта сказаў: «Устанавіў вось я яго гаспадаром тваім і ўсіх братоў яго падпарадкаваў яму; абдарыў яго шчодрасьцю збожжа і віна, дык што ж магу для цябе ўчыніць, мой сыне?»
38 Але Эзаў сказаў бацьку: «Ці ж ты меў толькі адно дабраславенства, мой тата? Дабраслаў таксама і мяне, айцец мой!» І Эзаў расплакаўся ўголас.
39 На гэта Ізаак даў яму такі адказ: «Ня будзе ўраджайная зямля, у каторай будзеш жыць, і ня будзе там расы зь неба,
40 зь мяча жыць будзеш і будзеш слугою твайго брата! А прыйдзе час, калі супрацівішся і скінеш ярмо яго з сваіх плячэй».
41 Дык зьненавідзеў Эзаў Якуба дзеля дабраславенства, якім дабраславіў яго бацька, і сказаў у сваім сэрцы: «Калі прыйдуць дні жалобы па бацьку маім, заб'ю Якуба, брата свайго».
42 Калі Рэбэка даведалася пра тое, што казаў Эзаў, ейны старэйшы сын, загадала паклікаць Якуба і сказала яму: «Эзаў, брат твой, пагражае забіць цябе.
43 Дык вось, сын мой, паслухай мяне і, рана ўстаўшы, уцякай да Лябана, брата майго, у Харан.
44 Пажывеш зь ім нейкі час, пакуль ня спыніцца ярасьць брата твайго,
45 а калі праміне абурэньне ягонае, ён забудзе пра тое, што ты зрабіў яму. Потым я пашлю і забяру цябе адтуль сюды. Чаму ў адзін дзень мела б згубіць аднаго і другога сына?»
46 І сказала Рэбэка Ізааку: «Ня мілае мне жыцьцё з гэтымі Гетыткамі. Калі яшчэ Якуб возьме сабе жонку Гетытку, або адну з гэтых жанчын, каторыя жывуць у гэтай зямлі, то няма чаго мне жыць!»