1 І Якуб чуў, як сыны Лябана гаварылі: «Якуб забраў усё, што меў наш бацька, і з маёмасьці нашага бацькі набыў такія багацьці».
2 І бачыў Якуб, што Лябан зьмяніўся адносна яго і ня быў такі, як раней.
3 І сказаў Госпад Якубу: «Вяртайся ў зямлю бацькоў сваіх і да радні сваёй, а Я буду з табой».
4 І Якуб, каторы быў на полі пры сваім стадзе, казаў паклікаць да сябе Рахелю і Лію,
5 і сказаў: «Бачу па выглядзе твару вашага бацькі, што ён не такі для мяне, як даўней, але Бог майго бацькі быў са мною.
6 Вы самі найлепш ведаеце, што хоць з усіх сілаў я служыў бацьку вашаму,
7 ён, аднак, ашукваў мяне і многа раз зьмяняў мне плату, і толькі Бог бараніў мяне ад крыўды.
8 Калі вось (бацька) казаў: авечкі з кропкамі будуць тваёй заплатай — усе радзіліся крапкаваныя; а калі казаў ён наадварот: «Каторая пярэстая, тую атрымаеш як плату» — усе радзіліся пярэстыя.
9 І так Бог выдзяліў частку маёмасьці бацькі вашага і даў мне.
10 Бо калі надыходзіў час параваньня статку, бачыў я ў-ва сьне, як самцы, што пакрывалі стады, былі пярэстыя, крапкаваныя і ў плямах.
11 І ў-ва сьне тады клікаў мяне анёл Божы: «Якуб!» А калі я адказваў: «Вось я»,
12 Ён сказаў: «Падымі вочы свае і пабач усіх самцоў, што пакрываюць стады: яны пярэстыя, крапкаваныя і ў плямах, бо Я бачу, што Лябан з табой робіць.
13 Я — Бог з Бэтэлю, дзе памазаў ты слуп і дзе злажыў шлюбаваньне. Дык цяпер рыхтуйся ў дарогу, і пакінь гэтую зямлю, і вярніся да сваёй радні і роднай зямлі».
14 На гэтыя словы Рахель і Лія сказалі яму: «Ці маем мы яшчэ частку і спадчыну ў маёмасьці бацькі нашага?
15 Ці ж не лічыў ён нас за чужых, бо прадаў нас, і зьеў заплату за нас?
16 Таму вось усё багацьце, каторае Бог забраў у бацькі нашага, нам даў і дзецям нашым. Таму ўсё, што Бог загадаў табе, рабі».
17 Дык устаў Якуб і пасадзіў дзяцей сваіх і жонак сваіх на вярблюдаў,
18 і ўзяў з сабой усе стады свае і ўсю маёмасьць сваю, што здабыў у Паддан-Араме, і падаўся ў дарогу да свайго бацькі Ізаака, у зямлю Ханаан.
19 У той час Лябан выбраўся стрыгчы авечкі, і Рахель скрала балваны хатнія.
20 А Якуб ашукаў сэрца Лябана Арамейца, не папярэджваючы яго, што мае ўцячы.
21 І ўцёк ён з усім, што меў, і, перайшоўшы рэчку, направіўся на гару Гілеад.
22 А трэцяга дня паведамілі Лябану, што Якуб уцёк.
23 Дык Лябан, сабраўшы братоў сваіх, сем дзён даганяў яго і дагнаў яго на гары Гілеад.
24 І явіўся Лябану Арамейцу Бог ноччу ў-ва сьне, і сказаў яму: «Сьцеражыся, не гавары благога супраць Якуба!»
25 Якуб на гары ўжо расьцягваў палатку, калі Лябан дагнаў яго са сваякамі сваімі, і на той жа гары паставіў палатку.
26 І сказаў ён Якубу: «Чаму ты так зрабіў? Чаму ашукаў сэрца маё і вывеў дачок маіх, як паланянак?
27 Чаму ты патаемна ўцёк і ашукаў мяне, і не паведаміў мне, каб я мог правесьці цябе з радасьцю і сьпевамі, з бубнамі і цытрамі?
28 Ты ня даў мне пацалаваць маіх унукаў і дачок, дрэнна зрабіў ты!
29 А цяпер магла рука мая адгадзіцца табе ліхам, але Бог бацькі твайго ўчора сказаў мне: «Сьцеражыся, не гавары нічога ліхога супраць Якуба!»
30 Хай бы ты пайшоў, бо цягнула цябе да дому бацькі твайго, але чаму ты скраў багоў маіх?»
31 Якуб адказаў: «Бо я баяўся. Я бо думаў, што ты сілай адбярэш дачок сваіх ад мяне.
32 А ў каго знойдзеш багоў сваіх, хай той не жыве! У прысутнасьці сваякоў нашых правер, і што знойдзеш свайго ў мяне — забірай!» А ня ведаў Якуб, што Рахель скрала балваноў.
33 І Лябан, увайшоўшы ў палаткі Якуба і Ліі, і абедзьвух нявольніцаў, не знайшоў нічога, і, выйшаўшы з палаткі Ліі, увайшоў у палатку Рахелі.
34 А яна ўзяла балваноў і падлажыла іх пад вярблюдавае сядло, і села на іх. А калі абшукаў Лябан усю палатку, і не знайшоў,
35 сказала: «Хай ня гневаецца гаспадар мой, што перад табою ўстаць не магу, бо дзеля слабасьці жаночай не магу». Дык абшукаў ён (усё), але балваноў не знайшоў.
36 Тады Якуб узлаваўся і стаў вадзіцца: «Дзеля якой віны маёй і дзеля якога грэху майго ты так перасьледуеш мяне?
37 Навошта ператрасаеш усе рэчы мае? Што ты знайшоў з маёмасьці сваёй у мяне? Палажы тое ў прысутнасьці сваякоў маіх і сваякоў сваіх, і хай яны рассудзяць гэта між мной і табой.
38 Вось дваццаць гадоў я жыў з табой. Твае авечкі і козы не скідалі, і бараноў са статку твайго я ня еў.
39 Разьдзёртай дзікім зьверам не прыносіў табе, усякую шкоду — аднагароджваў. Калі што было скрадзена ці ўдзень, ці ўначы — ты вымагаў ад мяне.
40 Было, што днём мучыла мяне сьпякота, а ноччу холад зганяў мне сон з павек.
41 Так праз дваццаць гадоў я служыў табе! Чатырнаццаць за дочкі, а шэсьць за стады твае. Дзесяць разоў таксама зьмяняў ты плату маю.
42 Каб Бог бацькі майго, Бог Абрагама, і Той, Каго з боязьзю славіць Ізаак, не ўспамагаў мне, то ты пусьціў бы мяне зь нічым. Што я нацярпеўся і колькі я напрацаваўся рукамі, Бог бачыць! Ён мінулай ноччу сказаў табе».
43 Лябан адказаў яму: «Дочкі — мае дочкі, дзеці — мае дзеці, стады — мае стады ды ўсё, што бачыш, — маё. Але што я магу зрабіць цяпер маім дочкам або іхнім дзецям, каторых яны нарадзілі.
44 Дык хадзі, заключым запавет, я і ты, хай будзе ён сьведчаньнем між мною і табой».
45 Тады вось Якуб прынёс камень і паставіў яго, як слуп,
46 і сказаў сваякам сваім: «Назьбірайце каменьняў!» Яны назьбіралі каменьняў і зрабілі капец. І елі там на ім.
47 І назваў Лябан яго Егар-Сагадута, а Якуб назваў яго Галедам.
48 І сказаў Лябан: «Хай капец гэты будзе доказам згоды сёньня між мной і табой». І таму ён быў названы Галед,
49 а таксама Міцпа, бо ён сказаў: «Хай наглядае Госпад за мной і табой, калі разыйдземся між сабой.
50 Калі б ты крыўдзіў дачок маіх і калі б узяў сабе акрамя іх іншых жонак, то хоць ня будзе нікога зь людзей між намі, глядзі: Бог будзе сьведкам між мной і табой!»
51 І яшчэ сказаў Лябан Якубу: «Гэты вось капец і слуп, каторыя я паставіў (як доказ згоды) між мною і табой,
52 будуць сьведчаньнем, што ані я не прайду каля гэтага капца да цябе, ані ты ня пройдзеш каля гэтага капца і гэтага слупа да мяне зь ліхім намерам.
53 Бог Абрагама і Бог Нахора хай будзе судзьдзёю нам». І Якуб запрысяг на Таго, Каго з боязьзю славіў Ізаак, яго бацька.
54 Потым забіў Якуб на той гары жывёлін на ахвяру і пасьля запрасіў сваіх сваякоў банкетаваць. А калі наеліся, ляглі спаць на той гары.
55 І Лябан назаўтра рана пацалаваў сваіх унукаў і сваіх дачок, дабраславіў іх і падаўся з паваротам у сваё месца.