1 І ўспомніў Бог пра Ноя і пра ўсіх жывуноў, і пра ўсе жывёлы, каторыя былі зь ім у каўчэгу, і павеяў вецер на зямлю, і зьменшыліся воды.
2 І закрыліся крыніцы Бяздоньня і вокны нябесныя, і былі спынены дажджы зь неба.
3 І варочаліся воды зь зямлі, сьцякаючы і сплываючы, і пачалі памяншацца па ста пяцідзесяці днях.
4 У сёмы месяц, сямнаццатага дня месяца, затрымаўся каўчэг на гары Арарат.
5 Але воды плылі і спадалі аж да дзесятага месяца; бо дзесятага месяца, у першы дзень месяца, паказаліся вярхі гораў.
6 Калі мінула сорак дзён, Ной, адчыніўшы вакно каўчэгу, каторае зрабіў, выпусьціў крука.
7 Ён вылятаў і варочаўся, пакуль ня высахла вада на зямлі.
8 Выпусьціў ён таксама галубку, каб пераканацца, ці спалі ўжо воды з паверху зямлі.
9 Яна, не знайшоўшы месца для ног, дзе магла б супачыць, вярнулася да яго ў каўчэг; воды бо пакрывалі яшчэ ўсю зямлю. Ной выцягнуў руку і схапіў яе, і забраў у каўчэг.
10 Пачакаўшы яшчэ сем дзён, зноў выпусьціў галубку з каўчэгу.
11 А вось яна вярнулася пад вечар, несучы ў дзюбе аліўкавую галінку зь зялёнымі лісткамі. І зразумеў Ной, што сплылі ўжо воды зь зямлі.
12 А ўсё ж такі, прачакаўшы сем іншых дзён, выпусьціў галубку, каторая не вярнулася ўжо да яго.
13 У шэсьцьсот першым годзе, у першым месяцы, у першы дзень месяца воды на зямлі павысыхалі. І Ной, адкрыўшы дах каўчэгу і глянуўшы, убачыў, што ўжо абсох паверх зямлі.
14 У другім месяцы, у дваццаць сёмы дзень месяца зямля зусім высахла.
15 І сказаў Бог Ною:
16 «Выходзьце з каўчэгу: ты і жонка твая, сыны твае і жонкі сыноў тваіх разам з табой.
17 Усе жывуны, каторыя разам з табою з кожнага цела, як зь лятаючых, так і з жывёлаў і з усіх паўзуноў, каторыя рухаюцца па зямлі, хай плодзяцца і размнажаюцца на ёй».
18 Дык выйшаў Ной і сыны яго, і жонка ягоная, і жонкі сыноў ягоных разам зь ім.
19 Разам усе жывуны, жывёлы, птушкі і паўзуны, каторыя рухаюцца па зямлі, паводле роду свайго павыходзілі ўсе чыста з каўчэгу.
20 І збудаваў Ной ахвярнік Госпаду і, узяўшы з усіх жывёлін чыстых і птушак чыстых, склаў іх у ахвяру цэлапаленьня на ахвярніку.
21 Калі Госпад пачуў мілы пах, сказаў у сэрцы Сваім: «Ніколі больш ня буду праклінаць зямлю з-за людзей, бо настаўленьне сэрца чалавечага схільным ёсьць да зла ад юнацтва ягонага. Дык ужо болей ня буду нішчыць тых, хто мае душу жывую, як гэта зрабіў.
22 Ва ўсе дні зямлі ня спыняцца сяўба і жніво, холад і сьпякота, лета і зіма, дзень і ноч».
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Роду, 8 глава. Пераклад Чарняўскага 2002

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.

ПОДДЕРЖАТЬ СЛУЖЕНИЕ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Комментарии Скоуфилда
  9. Ветхий Завет сегодня


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.