1 Тады паклікаў Ізаак Якуба, і дабраславіў яго, і загадаў яму: «Не бяры сабе жонкі з дачок Ханаану.
2 Устань, ідзі ў Паддан-Арам, да сям'і Бэтуэля, бацькі маці тваёй, і вазьмі сабе там за жонку адну з дачок Лябана, дзядзькі свайго.
3 А Бог Усемагутны будзе табе дабраславіць і зробіць цябе плодным, і дасьць табе шматлікае патомства, і ты станеш бацькам многіх плямёнаў.
4 Дабраславенства, атрыманае Абрагамам, дасьць таксама табе і твайму патомству, каб займеў ты на ўласнасьць зямлю, у якой пражываеш, і якую калісьці Бог даў Абрагаму».
5 І выправіў Ізаак Якуба ў дарогу, і ён пайшоў у Паддан-Арам да Лябана, сына Бэтуэля, Арамейца, брата Рэбэкі, маці Якуба і Эзава.
6 А Эзаў, бачучы, што бацька яго дабраславіў Якуба і паслаў яго ў Паддан-Арам, каб адтуль узяў жонку, ды што на дабраславенстве загадаў яму: «Не бяры жонкі з дачок Ханаану»,
7 і што Якуб, паслухмяны бацькам сваім, пайшоў у Паддан-Арам,
8 і, даведаўшыся таксама, што ягоны бацька ня любіць дачок Ханаану,
9 пайшоў да Ізмаэля і ўзяў жонку — апрача тых, што меў, — Махалат, дачку Ізмаэля, сына Абрагама, сястру Нэбаёта.
10 А Якуб выйшаў з Бээр-Шэбы і павандраваў у Харан.
11 І вось трапіў ён на адно месца, і там заначаваў, бо ўжо сонца зайшло. І ўзяў ён ляжачы там камень, і падлажыў сабе пад галаву, і заснуў на тым месцы.
12 Ува сьне бачыў ён драбіну, што абапіралася на зямлю, а верхам дасягала неба, і запар анёлаў Божых, узыходзячых па ёй і зыходзячых уніз.
13 І бачыў ён Госпада, Які стаіць на версе яе і кажа яму: «Я — Госпад, Бог Абрагама, бацькі твайго, і Бог Ізаака. Зямлю, на якой сьпіш, Я дам табе і патомству твайму.
14 Патомства тваё будзе так вялікае, як пыл зямлі, і ты распаўсюдзішся на захад і на ўсход, на поўнач і на поўдзень. У табе і ў патомстве тваім усе пакаленьні зямлі будуць дабраслаўлены.
15 І вось, Я з табою, і буду берагчы цябе, куды б ты не пайшоў, і прывяду цябе ў гэтую зямлю, і не пакіну цябе, пакуль ня выпаўню, што табе абяцаю».
16 Калі Якуб прабудзіўся зо сну, сказаў: «Сапраўды, Госпад прабывае на гэтым месцы, а я ня ведаў».
17 І, праняты трывогай, сказаў: «Як страшным ёсьць гэтае месца! Ні што іншае тут, як, хіба, дом Божы і брама ў неба».
18 Дык устаўшы нараніцы, Якуб узяў камень, які быў падложаны пад галаву, і паставіў, як слуп, і абліў зьверху алеем.
19 І назваў месца гэтае Бэтэль, а ранейшая назва гэтага месца была Люз.
20 І злажыў Якуб такое шлюбаваньне: «Калі Бог будзе са мной і будзе мяне берагчы ў гэтай дарозе, якою я вандрую, і дасьць мне хлеб есьці і адзежу адзявацца,
21 і калі шчасьліва вярнуся ў дом бацькі свайго, і Госпад будзе Богам маім,
22 то гэты камень, які я паставіў як слуп, будзе домам Бога. І з усяго, што Ты дасі мне, я ахвярую Табе дзесятую частку».
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Роду, 28 глава. Пераклад Чарняўскага 2002

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.

ПОДДЕРЖАТЬ ДЕНЬГАМИ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Комментарии Скоуфилда
  9. Ветхий Завет сегодня


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.