Прыказяў Салямонавае 31 глава

Кніга Прыказяў Салямонавае
Пераклад Яна Станкевіча → Перевод Десницкого

 
 

Словы караля Лемуеля, цяжар, што маці ягоная наўчыла яго.
 

Што, сыну мой? і што, сыну жывата майго? і што, сыну абятніцаў маіх?
 

Не аддавай жанкам сілы свае ані дарогаў сваіх тым, што губяць каралёў.
 

Не каралём, Лемуелю, не каралём піць віно ані князём хмельны напітак:
 

Каб, піўшы, не забыўся ўставы й не перакруціў суд усіх уцісканых.
 

Дайце хмельны напітак гінучаму і віно тым, каторым горка на душы.
 

Няхай ён вып’е, і забудзецца бядноту сваю, і стомы свае ня ўспомне балей.
 

Адчыні вусны свае дзеля немага, да суду ўсіх сыноў, што адыходзяць на вечнасьць.
 

Адчыні вусны свае, судзі справядліва й барані справу ўбогага а беднага.
 

Малайчыну жонку хто знойдзе? бо шмат большая за пэрлы цана яе.
 

Пэўнае да яе сэрца мужа ейнага, і прыбытку ня будзе нястачы.
 

Робе дабро яму, а ня ліха, усі дні жыцьця свайго.
 

Шукае воўны а лёну і ахвотна робе рукамі сваімі.
 

Яна, як караблі купецкія, здалеку дастаўляе емя свае.
 

І ўстаець яшчэ ночы, і раздаець ежу хатнім сваім, і належнае служэбкам сваім.
 

Яна падумала праз поле й прыдбала яго; з пладоў рук сваіх яна садзе вінішча.
 

Папяразуе сілаю сьцёгны свае й мацуе рукі свае.
 

Цеме, што тавар ейны добры; ня гасьне ночы сьветач ейны.
 

Выцягуе рукі свае да прасьніцы й дзяржыць верцяно ў далані сваёй.
 

Адчыняе даланю сваю беднаму і выцягуе рукі свае ўбогаму.
 

Не баіцца сьнегу ля дому свайго, бо ўвесь дом ейны апранены падвойна.
 

Яна тчэць сабе каберцы; шоўк а пурпура адзецьце ейнае.
 

Ведамны ля брамаў муж ейны, як сядзіць із старцамі зямлі.
 

Яна тчэць цянюсенькае палатно, і прадаець, і паясы Канаанянам — купцом.
 

Моц а чэсьць — адзецьце ейнае, і сьмяецца аж да апошняга дня.
 

Адчыняе вусны з мудрасьцяй, і навука міласьці на языццэ ў яе.
 

Яна глядзіць добра дарогаў дамовы свае і ня есьць хлеба ў дзяньгубстве.
 

Устаюць дзеці ейныя і завуць яе шчасьліваю; устаець муж ейны і хвале яе.
 

«Шмат якія дачкі прыдбалі цноту, але ты перайшла ўсі іх».
 

Прынаднасьць ашукная, і харашыня марная; жонка, што баіцца СПАДАРА, будзе ўхвалёна.
 

Дайце ёй з пладоў рук ейных, і няхай учынкі ейныя ўхваляць яе ля брамаў.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.