1 Кіраўніку хору. Са струннай ігрой. Псальм. Песьня.
2 Хай Бог будзе да нас літасьцівы і багаславіць нас. Хай Ён асьвятлíць нас сьвятлом Аблічча Свайго; Зэля,
3 каб пазналі на зямлі шлях Твой, між усіх народаў збаўленьне Тваё.
4 Хай вызнаюць Цябе народы, Божа, хай вызнаюць Цябе народы ўсе.
5 Хай радуюцца ды ўрачыста радуюцца народы, бо Ты су́дзіш людзей у справядлівасьці, і Ты кіруеш на зямлі народамі. Зэля.
6 Хай вызнаюць Цябе народы, Божа, хай вызнаюць Цябе народы ўсе.
7 Зямля дала́ плод свой. Хай багаславіць нас Бог, Бог наш.
8 Хай багаславіць нас Бог, і хай збаяцца Яго ўсе канцы зямлі.